Толькі на дні народзінаў творчага аб’яднання “Осмос” Міхей Насарогаў можа крыкнуць “Жыве Беларусь”, а Юра “Паскуда” Навумаў — выйсці ў смокінгу ды заспяваць з аркестрам.
Пафасную залу клуба-рэстарацыі “Мулен Руж” паступова запаўняюць людзі. Гаспадар вечарыны Павел Юрцэвіч ходзіць ля столікаў гасцей ды пытае, ці ва ўсіх ёсць папяльнічкі. На вечарыне толькі запрошаных ля двухсот чалавек, усяго ж чакалася з паўтысячы гледачоў. Усе хочуць паглядзець анансаваны выступ беларускіх андэграўндных музыкаў з сапраўдным аркестрам. Менавіта такую разынку задумаў Павел на 10-годдзе свайго праекту — студыі “Осмос”.
Праўда назваць “Осмос” проста студыяй гуказапісу — гэта значыць здрабніць яе ролю ў мясцовым музычным працэсе. Таму больш слушнае найменне будзе “творчае аб’яднанне”, вакол якога згуртаваўся з дзясятак значных гуртоў і выканаўцаў. Павел Юрцэвіч пачынаў як клавішнік гурта “Ы-Ы-Ы” ў пачатку 90-х, потым рабіў з Васілём Шугалеем сумесныя творчыя праекты, такія як “Чоко і Боко”, пасля заняўся бізнэсам і вырашыў адкрыць уласную студыю, якая першапачаткова займалася толькі стварэннем рэміксаў. Для гэтых патрэбаў здымалася аднапакаёўка, дзе і пачалі гуртавацца музыкі. Цяпер “Осмос” займае вялікае памяшканне, цалкам абсталяванае для запісу. Тут працуюць Neuro Dubel, Rockerjoker, Pomidor/off, The UNB, “Серебряная свадьба”, “Кассиопея”, ствараюцца незлічоныя культурныя праекты, як агучванне на беларускую замежных фільмаў і запіс дзіцячых казак.
На сцэну “Мулен Руж” выходзіць Міхей Насарогаў у баявой размалёўцы. Яго суправаджаюць музыка і актор Ілля Чарапко-Самахвалаў і татуіроўшчык Антон Шапо, якія трымаюць у руках гіпертрафаваныя штучныя гітары. Уключаецца фанаграма, і Міхей бярэцца за справу. Колішні вакаліст Rockerjoker запісаў сольны альбом, які складаецца з вясёлых і сумных песняў. Названы ён “Красивый”. Самую пекную песню з яго, “Куклы”, Насарогаў выконвае з Бенькай з “Серебряной свадьбы”. Твор толькі што запісаны, але словы яго аднекуль ведае значная частка прысутных. “Каб гэтае мерапрыемства было доўга, але не заўжды!” — абвяшчае Міхей ды чамусьці крычыць “Жыве Беларусь!” Музыка, якога некаторыя ненавідзяць за музычны жарт пад назвай “Саня останется с нами”, збіраецца цяпер крычаць пра сваю любоў да Айчыны на кожным выступе.
Далей за справу ўзяўся шоу-аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Ліпніцкага — сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Музыкі аранжавалі з дзясятак кампазіцый альтэрнатыўных музычных гуртоў адмыслова да гэтай імпрэзы. Сюрпрыз атрымаўся на славу. Першым на сцэну выйшаў Юры Навумаў. Вакаліст Neuro Dubel быў у новым нязвыклым вобразе — апрануты ў смокінг, таму з залы закрычалі: “Непадобны!” Заяўленага Кулінковіча не выйшла, таму Юры мусіў справіцца адзін. І зрабіў гэта выдатна — аркестравая версія песні “Ворсинки и катышки” выйшла чароўнай. Зрэшты, як і ўсе астатнія нумары. “Гэта ядзерная сумесь джаз-фанку з андэграўндам!” — акрэсліў публіцы фармат маэстра Ліпніцкі, які зладзіў выдатнае шоу. Яго надзвычай упрыгожылі пекныя скрыпачкі, якія штонумар мянялі ўбранне, а аднойчы нават пераапрануліся ў пеліканаў, а да ўсяго паралельна з сваімі асноўнымі функцыямі выконвалі ролю падтанцоўкі.
У якасці вакалістаў аркестра ў гэты вечар акрамя Юрыя Навумава яшчэ выступілі Дзмітры Дольнік, Аляксандр Памідораў у кранальным дуэце з Бенькай ды асобна з песняй Шугалея “Усё нармальна, мама”, Макс Івашын, Макс Сіры і той жа Насарогаў. Асабліва феерычна ў выкананні аркестра слухаліся песні найстарэйшага беларускага гаражнага гурта The UNB, што мае ў даробку блізу 105 альбомаў. На развітанне ўся гэтая шалёная кампанія выканала “Пятрова, падай вады”, якую перарабілі на хуткую руку ў “Юрцэвіч, падай вады”. Сам Павел пры канцы з’явіўся на сцэне ды атрымаў заслужаныя апладысменты. Пра кіраўніка “Осмоса” на сцэне яшчэ згадае Бенька падчас забойчага сэту “Серебряной свадьбы” і раскажа, што Паша падпяваў ёй на запісе песенькі “Жизненный опыт”, ды яшчэ неверагодна нізкім голасам.
Гэтая дзея наўрад ці паўторыцца, ды і ў паўторы ўжо і сэнсу няма. Імпрэза здымалася і запісвалася, так што перажыць усе яскравыя моманты можна будзе ізноў, калі выйдзе DVD гэтага непаўторнага канцэрта ад творчага аб’яднання “Осмос”.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч