Рэдкі выпадак, калі можна было пабачыць гурт Neuro Dubel у дзеянні, выдаўся 17 красавіка. Невялічкі клуб “Графіці” быў цалкам запоўнены. Каб іх змаглі пачуць усе ахвочыя, музыкі вырашылі даць дадатковы канцэрт на наступны дзень.
Аляксандар Кулінковіч
Юрый Навумаў
“Дзюбеля” пачалі з “уводнай” песні “Афтары правды”, пасля чаго згадалі свой даўні хіт “Гуси-лебеди”. “Лішне казаць, чаму прысвячаецца гэтая песня, — сказаў Аляксандр Кулінковіч, маючы на ўвазе нядаўнюю трагедыю ў метро, — але мусім жыць далей”.
На сваім выступе музыкі зрабілі дэмакратычна і даручылі вырашыць гледачам, ці можна курыць падчас канцэрту. Пастанавілі, што не. Кулінковіч спяваў нібы з трыбуны прамаўляў, абапіраючыся на перагародку, што падзяляла сцэну і залу. Адлегласць між музыкамі і слухачамі скарачалася з кожнай песняй, і неўзабаве лідар “дзюбелей” практычна сутыкаўся ілбом са сваімі прыхільнікамі, якія былі толькі радыя такой акалічнасці і пасля кожнай песні перакідваліся некалькімі словамі з музыкамі.
Чуліся воклічы: “Вы найлепшая група Беларусі!”, “Кул, ты найлепшы”, “Дзядзя Саша, я прынёс табе ўра!”. Практычна кожную песню Кулінковіч суправаджаў невялічкім каментаром. Пасля выканання “Підарасаў” ён засцярог: “Мы з павагай ставімся да ўсіх”, — а потым узняў рукі ўверх і звярнуўся да Юрыя Гагарына з віншаваннямі з нагоды 50-годдзя палёту ў космас. Адпаведна “Гагарина” і сыгралі. Эмацыйны пік канцэрту прыпаў на выкананне песні “Край”, якую Кулінковіч спяваў, узабраўшыся на барную стойку. А “Резиновый дом” практычна цалкам за яго выканалі гледачы.
На сканчэнне “дзюбеля” сыгралі адзін з гімнаў польскай Салідарнасці — песню “Свабода”. Але не адпускалі музыкаў яшчэ доўга. Пасля другога “бісу” Кул звярнуўся да людзей: “Калі вы сапраўды нас любіце, не трэба нас выклікаць на біс да раніцы і не трэба ламацца ў грымёрку пасля канцэрту. Мы працавалі для вас дзве гадзіны і маем права адпачыць”. Прыхільнікі паставіліся з разуменнем і разышліся, напяваючы па дарозе “Свабоду не аддам нікому”.
Каб канцэрт пачулі ўсе ахвочыя, музыкі вырашылі даць дадатковы выступ 18 красавіка.