Аляксандр Кулінковіч на сольным канцэрце свайго гурта Neuro Dubel зладзіў перадпрэзентацыю новага альбома і абвясціў яго назву. Працу вырашана назваць не “Жаба”, а “До х..я советчиков”.
Канцэрт Neuro Dubel праходзіў пад умоўнай назвай “Міхалычы-80”: вакалісты Аляксандр Кулінковіч і Юры Навумаў маюць па 40 гадоў, а імя па бацьку кожнага з іх – Міхалыч. У самым пачатку імпрэзы арганізатар канцэртаў каманды Павел Кашырын абвясціў, што ў наступным месяцы адбудзецца прэзентацыя новага альбома гурта. “Мы спрабавалі дамовіцца з рознымі месцамі, у тым ліку з Re:Public, але нічога не атрымалася, таму канцэрт пройдзе тут”, – зазначыў ён. Выступы запланаваныя на 21 і 22 лістапада ў клубе “Гудвін”.
Музыкі пачалі загалоўным трэкам са свайго апошняга па часе альбома “Афтары правды”. Пасля Кулінковіч паабяцае паказаць колькі новых песняў і абвесціць, што альбом будзе называцца “До х..я советчиков”. Абодва вакалісты адразу агаліліся па пояс, памятаючы мінулы канцэрт, на якім не было продыху. Гэтым разам людзей было трохі менш, таму дыхалася вальней. Аснову канцэрту склалі даўнія хіты: “Полцарства”, “Убийство монтировкой», “Гуси-лебеди” ў зусім ужо паранаідальнай версіі, «Дети Галактики», што ішлі ў тэматычнай звязцы з “Касманаўтамі”. Згадалі і “Уродов” у апошняй рэдакцыі, там, дзе ў апошнім прыпеве пяецца пра Дажынкі. Гэта, дарэчы, рэдкая песня, дзе гітарыст каманды Уладзімір Сахончык бярэ ў рукі замест электрычнай акустычную гітару. Яшчэ раз музыка возьме яе на “Резиновом доме”, якога Кулінковіч ужо даўно не пяе – замест яго гэта робіць публіка. Лідара Neuro Dubel наогул вылучае звышчулае стаўленне да сваіх гледачоў: у паўзах між песнямі ён перыядычна схіляецца, каб паслухаць, што яму хочуць сказаць людзі, і часам выконвае іх замовы.
Новыя песні гурта ўяўляюць з сябе ўсё той жа бадзёры панк-рок, яшчэ больш жорсткі і асэнсаваны. “Раз-два-три” яўна зробленая з адсылкай да The Clash. Для свежага альбома Кулінковіч вырашыў пераспяваць на свой лад песню “Куба – любовь моя”, якую напісалі Пахмутава і Дабранраваў да прыезду Фідэля ў СССР у 1962 годзе. “Дзюбеля” ўставілі ў яе цытату з песні пра Чунга-Чангу ды акцэнтавалі той самы слоган: “Радзіма альбо смерць”.
Скончылі канцэрт музыкі “Гузікам”, але Кулінковіч усё ж парушыў свой прынцып і пасля працяглых заклікаў выйшаў на біс, каб праспяваць яшчэ “Можно жить”.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч