Вася Васін са сваімі “Кирпичами” трохі разварушыў мінскі асяродак аматараў хіп-хопу ды альтэрнатыўнага року. У беларускую сталіцу піцерская тройца завітала, каб урэшце ўжывую прадставіць свой дзявяты студыйны альбом “Новые Кирпы Моо Фок”.
Ля дзвярэй клуба Re:Public, дзе з восені праходзяць практычна ўсе жывыя канцэрты ў горадзе, таўчэцца пара дзясяткаў юнакоў, якія высмоктваюць піўныя паўтарахі ў тры глыткі. Нямала і сталай публікі, якая, мусіць, заспела ў больш-менш свядомым узросце першы поспех “Кирпичей” з 15 гадоў таму. Хапае і густоўна апранутых паненак. Адна з іх, якая, відаць, слаба арыентуецца ў варунках рэп-кору, пытае ў свайго спадарожніка, ці будзе гэта нешта падобнае да Нойза МС. “Усё будзе нармуль, – супакойвае той. – Цар Васіліч запаліць”. Не ведала дзяўчына, што Нойз у маладыя гады шмат у чым натхніўся на сваю дзейнасць якраз дзякуючы “Кирпичам”. Непадалёк прабягае кіраўнік сайта Ultra-Music Слава Радзівонаў. Ён толькі што вярнуўся з замежнай вандроўкі, але вырашыў не адпачываць і скіравацца адразу на канцэрт: “Лічу гэтую каманду №1 з расійскіх”, – кажа ён.
Чарга ў клуб стаяла невялічкая, таму была асцярога, што арганізатары трапяць на грошы, як тое было ў 2009 годзе, калі піцерцы гралі ў практычна пустым “Рэактары”. Уласна, з Мінскам у Васіна з кампаніяй звязаныя як станоўчыя, так і адмоўныя ўспаміны. Пры поўных трыбунах тутэйшага Палаца спорту ў 2008-м яны давалі сумесны канцэрт з “Ляпісамі”. А ў пачатку 2000 года гурт мусіў адмяніць свой канцэрт у беларускай сталіцы ўсяго за некалькі дзён да пачатку – тады загінуў бубнач ды эмсі гурта Яўген Назараў (Джэй).
У гэты вечар усё было ў адносным парадку. Жалезна з пару сотняў чалавек занялі танцпляц, яшчэ больш гледачоў размясцілася на пляцоўцы вышэй – там стаяць зручна, можна абапірацца на парэнчы ці пасядзець пры бары. Людзі з гадзіну марна галёкалі ды выкрыквалі фразу “Кирпичи тяжелы” (гэта назва першага альбома гурта). Затое калі Вася выйшаў, то яго ўжо было не спыніць, не стрымаць. Найбліжэйшыя паўтары гадзіны яго голас практычна не змаўкаў.
“Кирпичи” – гурт непрадказальны. Усе 18 гадоў існавання іх носіць па розных стылях, але лідар каманды ўвесь гэты час нястомна цвердзіць: што б яны ні выраблялі, усё адно і назаўжды застаюцца рок-гуртом. Вася з нязмушаным выглядам выйшаў на сцэну Re:Public з больш чым гадзінным спазненнем ды маментальна забраў усіх з сабой, падначаліўшы свайму груву. З выгляду вакаліст “кірпоў” – сціплы і спакойны чалавек у акулярах у пластыкавай аправе, апрануты ў джынсы ды кашулю ў кратку. У нечым падобны да нашага гітарыста Андрэя Маркуца. Ехаў бы ў мінскім метро – ніхто б не звярнуў на яго ўвагі. Але вось выйшаў ён на сцэну ды раздаў энергетыкі на ўсю залу. Музыка па-добраму ўлюбёны ў сябе, з доляй сарказму ён выконвае песні ад імя “цара Васіліча” ды “Васіля Уладзіміравіча”. Істотна, што пяе голасам, які карціць назваць камфортным – ён у меру вясёлы, у меру стрыманы і ў меру разбэшчаны, у меру агрэсіўны і ў меру сур’ёзны. Пяецца пра простыя рэчы і простымі словамі, што можна прыняць хутчэй за аповед. Нібы прыязная размова з сябрам за півам выходзіць – вядзецца пра тое, што мы ў фінансавай дупе, пра нелады з суседзямі ды пра тое, што не можна быць паліткарэктным у наш час. А бывае, як закрычыць: “Я, – дзярэ глытку Вася, – свіння!” ці яшчэ чаго тыпу “Торчи, п…рас, торчи” (гэта пра шкоду наркотыкаў).
“Кирпичи” робяць тое, што з лёгкасцю мог бы рабіць у нас Аляксандр Памідораў¸ каб заняўся сваёй музычнай кар’ерай усур’ёз. Яны абодва чытаюць-апавядаюць пра рэчы жыццёвыя, будзённыя, часам з наўмысным налётам папсовасці. Але могуць ідэйна і музычна жорстка выказацца пра хвалюючыя праблемы. Вася вунь выступае супраць “зімы, газу, нафты і смерці” ў песеньцы “Против коррупции и нанотехнологий”, а таксама за чысціню сваёй мовы, што выяўляецца ў радках: “Слы, э, говори по-русски!” Музычнае ўвасабленне гэтай іранічнай плыні свядомасці вельмі рознае – часам Вася на пару з другім вакалістам (а яшчэ басістам і клавішнікам) Данілам удаюць з сябе такі “Мальчишник” перабрэхваючыся адно пад жывыя бубны. А бывае, што яны бяруць у рукі інструменты ды ўмомант ахутваюць усю залу такім шчыльным і злым рок-гучаннем. У абодвух выпадках гайдаюць “кірпы” зусім не квола. У пікавыя моманты канцэрту вокліч “Кирпичи тяжелы!” трансфармуецца ў “Кирпичы хороши!”, на сцэну адзін за адным караскаюцца прыхільнікі стэйдждайвінгу, на якіх самі музыкі не зважаюць. Але варта толькі затрымацца каму на лішнюю секунду, як з-за сцэны выбягаюць спецыяльныя людзі, якія штурхаюць у плечы ахвочых палётаць. Зрэшты, часам Вася дэманструе, як ён можа залюляць пры дапамозе рамантычнага музычнага падкладу – апошнім часам лірычных кампазіцый у яго істотна паболела.
Па ўсім бачна, што “Кирпичи” канцэртны трэк-ліст не тое каб адбудоўвалі. “Зараз новую! – сказаў Вася, калі музыкі пачалі граць, але праз секунду перадумаў: – Ды не! Старую!” Ясна, што не абышлося без вечназялёных хітоў “Байка”, “Кирпичи 96” ды “Джедаи”. А на біс была таксама даўняя, завадная, амаль што народная ды харавая “Про друзей” з мілым пераасэнсаваннем Стынга пра сябру, які заўжды з табой. Са Славам Радзівонавым можна пагадзіцца – “Кирпичи” калі не найлепшая, то прынамсі адна з тых каманд, якая вартая ўвагі ў музыцы нашых усходніх суседзяў.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч