Этна-трыа “Троіца” атрымала пяць узнагародаў з васьмі на прэміі Experty.by, апярэдзіўшы ў асноўных намінацыях гурт “Ляпіс Трубяцкой”. Іван Кірчук на ўручэнні надзвычай сціпла зазначыў, што гатовы запісваць такія альбомы штогод, толькі каб на запіс не даводзілася грошы прасіць.
Усе лепшыя альбомы 2011 году можна праслухаць на сайце Experty.by
Адкрыў чацвертую па ліку цырымонію Experty.by гурт B_Side. Эксперты кожны год клічуць выступіць на сваю прэмію малавядомую каманду, якая вартая ўвагі. Якраз гэты гурт і атрымаў перамогу ў намінацыі “Найлепшы дэбютны альбом”.
У пачатку ўручэння кіраўнік сайта Experty.by Дзмітры Безкаравайны пажартаваў, што хутка давядзецца ўручаць прыз “ад фатографаў”, якіх сабралася больш, чым журналістаў. Прэмію ўручаюць якраз тыя, хто піша пра музыку.
Звычайна найлепшыя беларускія альбомы адзначалі ў самым пачатку года. Эксперты тлумачаць затрымку сёлета тым, што айчынныя музыкі запісалі надзвычай шмат альбомаў – яны разгледзелі каля 60. Прычым вялікая колькасць дыскаў выйшла ў снежні, таму патрэбны быў час, каб усё асэнсаваць.
На самім уручэнні перамогу ў большасці намінацый узяла “Троіца”. Падчас атрымання адной з узнагародаў Іван Кірчук зазначыў: “Дай Бог, каб было шмат канцэртаў, тады мы зможам штогод запісваць альбом і не прасіць на яго запіс грошай”. Падобна да таго, што такі “вал” прызоў быў нечаканасцю для музыкаў з “Троіцы”. Яны здзіўляліся кожны раз, калі выходзілі па ўзнагароду.
Рок-альбомам года быў прызнаны апошні дыск гурта “Ляпіс Трубяцкой” “Вясёлыя карцінкі”. Прыз выйшаў атрымліваць прадусар гурта Яўген Калмыкоў, бо Сяргей Міхалок часова пражывае ў іншай краіне. Яўген зазначыў, што музыкі насамрэч запісвалі поп-альбом. Дарэчы, ад гэтай намінацыі другі раз запар было вырашана адмовіцца, бо айчынныя поп-музыкі, на думку экспертаў, не стварылі нічога вартага ўвагі.
За найлепшы беларускі рэкард-лэйбл прызналі кампанію “Вігма”, якой не было роўных у 2011 годзе. Менавіта яны выдалі большасць паспяховых айчынных дыскаў. Прыз ад “народнага журы” ўручыў адзін з актыўных наведнікаў сайта Experty.by Андрэй Сцепанец, які ацаніў 44 альбомы з 63. Дзмітры Безкаравайны якраз зазначыў, што экспертамі лічацца не толькі тыя, хто гэтым займаецца стала, але і тыя, хто заходзіць на сайт і цікавіцца навінкамі беларускай музыкі. “Народны” прыз таксама дастаўся “Троіцы”, а вось прыз ад замежных экспертаў атрымала “Серебряная свадьба”.
Замежнікаў клічуць ацэньваць беларускія альбомы штогод. І штогод змяняюць склад журы, каб больш людзей з іншых краінаў знаёмілася з нашай музыкай. Як зазначыў адзін з экспертаў Дзмітры Падбярэзскі, меркаванне замежнікаў часта не супадае з меркаваннем тутэйшых журналістаў. Так адбылося і сёлета – акрамя гурта Светы Бень у тройку лідараў трапіла група Kosmodromm з альбомам «Будет ласковый дождь» ды Hum Flying Bulletproof Noodle з дыскам «Tape».
На ўручэнні прызу ад вялікага журы, які таксама дастаўся “Троіцы”, журналістка Таццяна Заміроўская зазначыла, што ў 2011 годзе сталася так, што паміж “Ляпісам” і “Троіцай” людзі абіраюць “Троіцу”. Пасля гэтага Іван Кірчук, Юры Паўлоўскі ды Андрэй Дзмітрыеў выйшлі ізноў, каб атрымаць прыз у апошняй намінацыі – “Альбом года”.
Найлепшы дэбютны альбом – B_Side «Smooth Season»
Найлепшы фолк-альбом – Троіца «Зімачка»
Найлепшы рок-альбом – Ляпис Трубецкой «Веселые картинки»
Найлепшы беларускамоўны альбом – Троіца «Зімачка»
Найлепшы рэкард-лэйбл – Вігма
Прыз народных экспертаў – Троіца «Зімачка»
Прыз замежных экспертаў – Серебряная свадьба «Сердечная мускулатура»
Прыз вялікага журы – Троіца «Зімачка»
Альбом года – Троіца «Зімачка»
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч