Рэп-гурт, названы летась дэбютам года ў беларускай музыцы, даў сольны канцэрт разам з найлепшым скрэтч-дыджэем краіны DJ Andy Roc. Акрамя песняў з уганараванага альбома “На балоце” Sviedak і Sp Kava паказалі колькі новых, што ўвойдуць у новы дыск “71”.
Sp Kava
Sviedak
DJ Andy Roc
Мінула ўжо 20 хвілінаў ад меркаванага пачатку канцэрту, а ў “Графіці” было яшчэ пуста. Чалавек з дзесяць сядзяць за столікамі, папіваючы гарбату. Але Юрась Касцень з PANaNieba, у рэперскай тусоўцы больш вядомы як Sp Kava, расчараваным не выглядае: “Хутка нашы прыйдуць, яны піва за гаражамі п’юць”, – супакойвае ён. Для PANaNieba гэты выступ вельмі адказны. Хлопцы сабраліся разам упершыню ад часоў апошняй цырымоніі Experty.by, дзе былі прызнаныя найлепшымі ў намінацыі “Дэбют года” за дыск “На балоце”. Адзін з удзельнікаў праекту, вакаліст і суаўтар песняў Sviedak, ад’ехаў працаваць у Маскву і вось цяпер вярнуўся.
За гэты час Sp Kava без справы не сядзеў, запісваючы песні для сольнага альбома. Рэпер выдаў інтэрнэт-сінгл “Трываю”, запісаны разам з Аляксандрам Кулінковічам. У гэты вечар мусіла адбыцца жывая прэзентацыя гэтага трэка, але лідар “дзюбялей” у апошні момант паведаміў, што не здолее прыехаць – хвароба прычапілася.
Разам са Сведкам і Кавам, апранутым у майку з надпісам “2paс”, на сцэну выйшаў DJ Andy Roc, які лічыцца лепшым скрэтч-дыджэем у Беларусі. У момант танцпляц запоўніўся людзьмі. Нездарма рэперы прасілі клуб прыбраць па магчымасці столікі. Іх прыхільнікі спакойна сядзець аніяк не могуць, яны рухаюцца ў такт музыцы і амаль што сінхронна з выканаўцамі жэстыкулююць.
“Як бы ні было складана, але мы радыя, што жывем тут”, – разважае Сведак, прадстаўляючы песню з прыпевам “Смяецца той, хто смяецца апошнім”. Цяпер гурт рыхтуе альбом “71”, трэкі з якога выконваў у гэты вечар. Музыкі называюць гэты свой дыск “пераходным”, то бок фактычна зборнікам песняў, якія не ўвайшлі ў папярэдні дыск. Яны не будуць падначаленыя пэўнай канцэпцыі. Натуральна, што не абышлося без галоўных хітоў з дыска “На балоце”. Трэк пра людзей на балоце Кава і Сведак прачыталі нават двойчы за вечар.
“Рукі ўгару, не хавайцеся ў нару”, – запальваў Кава. “Дупы падымай хутчэй, мы будзем чытаць яшчэ гучней”, – заахвочваў публіку Сведак. Часам яны тролілі адзін аднаго: “Слухай, а як ты ставішся да беларускамоўнага рэпу?” – “А я яго не слухаю”. Тым не менш, яны прысвяцілі фрыстайл рэперу Вожыку з нагоды хуткага выхаду яго альбома.
“Трываю” ў гэты вечар таксама прагучала, без вакальнай партыі Кулінковіча. Затое на знак удзячнасці лідару “Нейра дзюбель” прысутныя з хвіліну скандавалі назву яго каманды. З музыкаў на канцэрце быў Земан з гурта “Імператар”, які выканаў разам з PANaNieba трэк “Энергетыка”, а пры канцы сыгралі ў вольны мікрафон. Гэта калі кожны з гледачоў, хто адчувае ў сябе сілы, выходзіць на сцэну пачытаць свой твор ці проста паімправізаваць.
“Пэўна, наступным разам трэба будзе прыбраць яшчэ болей столікаў”, – кажа пры канцы Sp Kava. Увосень PANaNieba рыхтуе канцэртную прэзентацыю свайго новага альбома.
Сяргей Будкін, Аляксандар Ждановіч