Менавіта гэты слоган шматкроць гучаў у ноч з 16 на 17 снежня са сцэны сталічнага клуба RE:PUBLIC, дзе прайшоў чацверты фестываль альтэрнатыўнай беларускай музыкі “Можна!”.
Уся сталічная клубная тусоўка сабралася на гэта музычнае свята актуальнай жывой беларускай музыкі. Пакуль vip-асобы спяшаліся займаць зарэзерваваныя столікі, публіка пацягвала піўко (і іншыя напоі, каму якія больш даспадобы) і растанцоўвалася. На фестываль зазірнула нават сапраўднае вяселле. Нарэшце вядоўца мерапрыемства Аляксандр Багданаў (вядомы больш як Папа Бо), арганізатар фестывалю, дырэктар канцэртна-прадусарскага агенцтва BOpromo — абвясціў пра пачатак фэсту: “Я здзіўлены, таму што вы вельмі смелыя людзі: вечар абяцае быць доўгім, гуртоў выступаць будзе шмат”.
За разагрэў тусоўкі бадзёра ўзяліся маладыя артысты. Двое майстроў “аднапальцавых акордаў” з праекту “Дима Ску и Ко” пад акампанемент укулеле і баса праспявалі свае забаўныя куплеты, “чтобы заполнить концентрированное пусто”, пажадалі “всем детям быть непослушными” і запэўнілі, што “ничего не сделает училка с мелом”. Публіка была ў захапленні. “Клёва жжот!” — чулася паўсюль.
Па-добраму зарадзілі публіку хлопцы з Wasp’n’Hornet, чый дэвіз — “можно все, что понарошку”. Пад шустры гітарны чос, агрэсіўныя барабаны і строгі рытм хлопцы з электроннага дуэта расказалі некалькі гісторый пра тое, што кожнаму сваё, жаночую прыхільнасць, эгаізм і кепскія сны. Свае эксперыменты на сутыку поп-музыкі і року з электронікай на суд слухачоў прадставіла група Lilac на чале з вакалісткай Аняй Жданавай.
Выступ волатаў беларускай клубнай сцэны адкрыў аркестр мінімалістаў дАдАістаў “дОдО” — яшчэ адзін праект непараўнальнай Бенькі (Святланы Бень), часткова музыкаў з “Серебряной свадьбы” і тэхніка-вынаходніка з тэрменвоксам. У гэткай якасці калектыў з’явіўся на вялікай сцэне ўпершыню і выканаў шэсць рамансаў. Акрамя звыклых ксілафона, клавіш, барабанаў у якасці музычных інструментаў таксама выступілі: дзіцячая бразготка, набор парожніх бутэлек (з-пад моцных напояў). А ў кранальнай, як было сказана, “песеньцы з дзяцінства” “В гараже у дяди Вани” нават веласіпеднае кола стала прыладай для здабывання гукаў.
Бенька запэўніла, што праект “Серебряная свадьба” нікуды не падзеўся і працягвае ствараць. Музыкі плануюць выйсці на шырокую публіку ўжо ў траўні наступнага года.
Як ніколі да месца прагучалі гумарныя куплеты абсалютна бесшабашных Міхея Насарогава і Макса Сірага (Rockerjoker). Падчас іх выступу якраз пераваліла за поўнач, і ў клубе стала можна (!) курыць, не выходзячы на двор. Пад шчырыя тэксты ўсе нібыта разам перанесліся на ўтульна прадымленую кухню. Нават незнаёмыя людзі адчулі, што вакол сябры.
Магчымасць занурыцца ў стан бязмежнага палёту ўласных фантазій па хвалях акардэонных пасажаў і барабанных рытмаў далі віртуозы з Gurzuf — Ягор Забелаў і Арцём Залескі. “Я не прызнаю імправізацыі; вядома, ёсць нейкія моманты, калі сабе гэта можна дазволіць, але ў цэлым любая наша кампазіцыя добра адпрацаваная на рэпетыцыях. У гэтым уся фішка!” — прызнаўся Ягор Забелаў.
У межах фестывалю прайшла прэзентацыя электроннага праекту Shuma на чале з вакалісткай этна-трыа Akana Русяй — чараўніца проста заваражыла выкананнем архаічных трэкаў. Відавочнай стала містычная моц, схаваная ў нашых каранях, зала ажно заціхла. “Спадзяюся, што гэтая кампазіцыя дапаможа вам больш любіць і шанаваць нашую мову”, — сказала Руся ў канцы выступу.
Зусім іншы, але не менш пазітыўны настрой прыўнеслі наступныя ўдзельнікі — “растаманы з глыбінкі” (Botanic Project) “закружили в танце добра и зла”, выканаўшы некалькі кампазіцый як з новага альбома, якія публіка прыняла на ўра, так і ўжо шырока вядомыя свае песні. Хай будзе з намі Джа!
У не зусім звычайным складзе выступіў “Нагуаль”. Адзін з яго ўдзельнікаў Бенджамін Хоўп (выкладчык сацыяльных дысцыплін ЕГУ) у малінавых штанах (два разы “ку!” для тых, хто памятае “Кін-дза-дзу”) выкідваў такія каленцы, што ўтрымацца на месцы было немагчыма. Атрымаўся цалкам чароўны дыска-панк у выкананні ансамбля міжнароднага транс-балотнага біта.
“Сёння я ўспомніў, што іграю ў гурце “Нагуаль”. Па сутнасці, што мы павінныя выконваць? Індзейскі фальклор. І я адчуў сваю сутнасць. Я зразумеў, што я індзейскі беларус. Усус-хундусус і а-я-ха-юга — гэта наша! А калі сур’ёзна, то, па шматлікіх водгуках, у нашых фанемных спевах людзі знаходзяць вельмі шмат славянскага і індзейскага. Мабыць, мы настолькі глыбока ўкараняемся ў нашу і сусветную падсвядомасць, што атрымліваецца такі фанемны цуд”, — адзначыў індзейскі правадыр і лідар калектыву Лёня Паўлёнак.
Бацькі беларускай фрык-сцэны — эксцэнтрыкі з “Кассиопеи” — падняліся на сцэну ў вобразах Дзядоў Марозаў: Салжаніцына, Парфірыя Іванова і проста Івана. Хлопцы да таго моманту не вельмі вызначыліся, хто ж яны такія: зі-зі-папы ці зі-зі-таты. Затое выйшлі, вельмі нядрэнна падрыхтаваўшы і рэпертуар, і напоі, каб зладзіць сапраўдную навагоднюю ёлку для дарослых. Гэта было нешта!
Самыя трывалыя дачакаліся выступаў музыкаў Deech і Stereobeavеrs, якія працуюць у стылі чыстай электроншчыны і апынуліся на гэтым фестывалі ўпершыню.
“Фестываль арганізаваць было вельмі складана. Шмат хто прыклаў да гэтага руку. Вельмі складана пабудаваць line up з улікам нейкіх пажаданняў музыкаў, іх патрабаванняў і каб гэта ў цэлым было гарманічна, — падкрэсліў Папа Бо. — Фэст ужо запрасілі арганізатары з Масквы, Піцера, Варшавы і Вільні. Гэта значыць, што фестываль зноў становіцца на колы і выпраўляецца ў дарогу”.
А значыць, Папа скажа, што можна, не толькі ў Беларусі!
Зарына Кандрацьева, фота – Аляксандр Ждановіч