У беларускую сталіцу ўпершыню прыехаў праект Zorge, заснаваны колішнім лідарам гурта Tequilajazzz Яўгенам Фёдаравым і нямецкім бубначом Маркам Лаўберам. Музыканты далі выдатны канцэрт у Re:Public. Не абышлося без харавога выканання даўніх хітоў.
“Ведаеце, я вельмі хваляваўся і нават ноч не спаў перад канцэртам у Мінску, усё ж першы раз тут граем”, – кажа Яўген “Айайай” Фёдараў, асоба ў расійскай рок-музыцы культавая. Вонкава 48-гадовы музыкант не змяніўся з часоў росквіту Tequilajazzz. Фёдараў быў задзейнічаны яшчэ ў найлепшыя часы Ленінградскага рок-клуба ў гуртах “Автоматические удовлетворители” і “Объект насмешек”, а потым заснаваў сваю каманду Tequilajazzz. У яе складзе музыка прыязджаў у Мінск пяць гадоў таму, каб сыграць сумесны канцэрт з “Палацам” і Neuro Dubel. У 2010-м ён, на здзіўленне прыхільнікаў, абвесціць пра распад, можа, самай неардынарнай каманды на расійскай альтэрнатыўнай сцэне і зоймецца іншым праектам. Гурт Zorge Фёдараў заснаваў разам з нямецкім бубначом Маркам Лаўберам. Да іх далучыліся не менш прафесійныя музыкі – гітарыст Дзмітры Зільперт і Міця Гольцман (Tinavie) з тэрменвоксам, гук – Андрэй Алякрынскі (Tequilajazzz, Ю-Питер). Піярам гурта заняўся Аляксандр Бергер (“Ляпіс Трубяцкой”), а дырэктарам стаў беларус Алег Ціханаў.
Для хвалявання Фёдарава і К сапраўды былі падставы. Квіткі папярэдне разыходзіліся не вельмі спраўна, таму арганізатары нават думалі адмяніць мерапрыемства. Але ўсё абышлося, і Мінск пазнаёміўся з Zorge. А хваляванне яго лідара прайшло, як толькі ён заехаў з аэрапорта ў адну з мінскіх кавярняў і замовіў там цэпелінаў.
На канцэрце музыканты Zorge выглядаюць максімальна засяроджанымі і граюць сваю праграму практычна нон-стопам. Фёдараў раз-пораз толькі дзякуе публіцы за ўвагу і з глыбакадумным выглядам спявае свае трансцэндэнтныя песні пра каметы, паралелі, парашуты і аблокі. Аснову праграмы склалі творы з дэбютнага і пакуль што адзінага альбома праекту, які так і завецца – “Zorge”. Музыкі спачатку выклалі яго ў сеціва, а потым выдалі на дысках. Тое, што робіць цяпер Фёдараў з паплечнікамі, даволі блізка да стылістыкі Tequilajazzz, хоць у дэталях гэта ўсё ж музыка трохі іншага парадку. Zorge і падаюць сябе як “прадаўжальнікаў справы Tequilajazzz” і абавязкова граюць нешта з ранейшага даробку. Не інакш як дарунак з неба былі ўспрынятыя залай песні “Звери” і “Кроме звёзд”. А бліжэй да канца былі яшчэ “Пистолет” і “Наливайя”. “Гэта быў гурт Zorge не ведаю нават з якога горада”, – прадставіўся пры канцы Фёдараў. Музыканты выйшлі на паклон да публікі, а Лаўбер кінуў свае палачкі ў натоўп, з чаго гледачы зрабілі выснову, што “Зимнее солнце” ў Мінску не прагучыць. Памыліліся тыя, хто сышоў. Zorge выйшлі, каб спець, бадай, галоўную песню Фёдарава: “Агенты лета всё наглей, им нужно много, много свежих новостей…”
Сяргей Будкін, фота – Аляксандр Ждановіч