Прэзентацыя кнігі “Калекцыйная Спадчына Вялікага Княства” (Логвінаў, 2008, 184 ст) адбудзецца 25 лістапада ў 19-00 у галерэі “Подземка” на Незалежнасці, 43. У праграме прэзентацыі – выступы аўтараў і выдаўцоў, уручэнне прызоў пераможцам конкурса “Арганізатар” нумізматычнага партала “Ізрой”, аўтограф-сесія. Кожны пакупнік кнігі атрымае ад аўтараў у падарунак сапраўдную манету Вялікага княства Літоўскага.
29 лістапада ў 13-00 у рэстаране “Лисья Нора” на Каліноўскага, 32 адбудзецца сустрэча з аўтарамі кнігі ў нефармальнай абстаноўцы.
Кніга прысвечаная беларускай антыкварнай спадчыне. У вялікай колькасці каляровых і чорна-белых здымкаў у ёй раскрываецца хараство найбольш папулярных прадметаў калекцыявання – мапаў, гравюраў, манетаў і пячатак. Усе гэтыя рэчы адносяцца да перыяду існавання Вялікага княства Літоўскага. Кніга змяшчае аўтарскія публікацыі і цэннікі антыкварных рынкаў. Значная колькасць унікальных фотаздымкаў публікуецца ў Беларусі ўпершыню.
У дадатках да асноўнага зместу кнігі прыводзіцца статыстыка росту цэнаў на манеты, што паказвае прыцягальнасць інвеставання ў калекцыі. Ёсць і іншы практычны раздзел – пра аздабленне інтэр’ераў старажытнымі мапамі. Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй і антыкварыятам.
