Гурт “Крама” даў рэдкі канцэрт з нагоды свайго дня народзінаў. Уражаны цёплым прыёмам Ігар Варашкевіч выпраменьваў аптымізм і паабяцаў хутка скончыць працу над новым альбомам.
Не круглую, але важную дату гурт “Крама” адзначыў у коле сяброў у адным з мінскіх клубаў. “Я наогул палічыў тут напярэдадні, што можна святкаваць больш круглую гадавіну – мае 30 гадоў у рок-н-роле”, – кажа надзіва вясёлы ў гэты дзень Ігар Варашкевіч. Ён вядзе адлік з 1982 года, яшчэ калі быў жывы Брэжнеў. Тады музыкант толькі паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут і пачаў спяваць у гурце “Студыя 7”, які потым стане “Бондай”. Праграма вечара была складзеная такім чынам, што ў яе ўключылі парачку хітоў “Бонды” сярэдзіны 80-х, галоўныя хіты “Крамы” і яшчэ некалькі новых трэкаў, што ўвойдуць у будучы альбом. “А я не пераймаюся, што ў нас няшмат новых песень. Таму што, па-першае, іх даволі шмат, толькі не да ўсіх яшчэ тэксты напісаныя, а па-другое, на Deep Purple, напрыклад, прыходзяць паслухаць менавіта даўнія і любімыя творы. Чаго тады ад нас патрабаваць штораз новай праграмы?” – рытарычна пытае Варашкевіч. У апошні час 52-гадовы музыкант усур’ёз задумаўся пра сваё здароўе, кінуў курыць і злоўжываць алкаголем. На сцэну ён выйшаў не са звыклай раней біклажкай, а з бутэлькай мінеральнай вады. Пасля выканання “Стэфкі” і яе працягу, напісанага праз 20 гадоў, ён нібы папросіць прабачэння перад публікай: “Прызнаюся, гарэлкі я амаль не п’ю”. І яшчэ раз выбачыцца – за адсутнасць Мікалая Аруцюнава, які так зачасціў у Мінск, што “Выпі са мной” без яго ўдзелу ўжо не ўспрымаецца.
Канцэрт з такой сур’ёзнай нагоды абышоўся без сюрпрызаў, прэм’ераў і дуэтаў. У гэтым плане “Крама” даволі прадказальная. Затое ўсе атрымалі што хацелі: “Гэй, там, налівай”, “Камендант”, “Што дапаможа нам” і нават “Дзяўчыну з шклянымі вачыма”. Даўнюю песню з самага першага альбома “Крамы” “Чыкага найтс” Варашкевіч прысвяціў “Палацу” і… Абаму са словамі: “Прэзідэнты змяняюцца, а наша песня жыве”. Калісьці ў арыгінале ён спяваў пра Білі Клінтана, што “кіруе балем”. З гасцей на сцэну ўсё ж прарваўся адзін з кветкамі. Ім аказаўся Алег Хаменка, які павязаны з “крамаўцамі” непарыўнымі ланцугамі. Лідар “Палаца” назваў імяніннікаў “самым мужчынскім, стрыжневым і магутным гуртом Беларусі” і атрымаў наўзамен сціслую і важкую падзяку ад Варашкевіча: “Мы вас таксама любім”. Пазней лідар “Крамы” яшчэ раз з удзячнасцю згадае пра “Палац”, калі прадставіць рэдкі ў канцэртным выкананні “Гомельскі вальс”. Паклаўшы кветкі, Варашкевіч паглядзеў у залу ды спытаў: “Дык што будзем адзначаць – канец свету ці Новы год?” – і сам сабе аптымістычна адказаў: “Напэўна, Новы год”. Падарункам прысутным была новая песня гурта “З Новым годам”, у прыпеве якой сустракаецца цалкам лагічнае меркаванне адносна таго, чаго не стае беларусам для шчасця. Пры канцы Варашкевіч сапраўды выпраменьваў аптымізм. “Дзякуй, супер! Бачу, што мы яшчэ патрэбныя. Будзем дапрацоўваць наш стары-новы альбом”, – паабяцаў ён, радасна ўсміхаючыся пасля чарговых авацый.
Сяргей Будкін
Фота: Зарына Кандрацьева