У калідоры невялічкай кватэры, а дакладней, майстэрні, не прапхнуцца. Вялікі сумнеў выклікае трываласць вешалкі, якая мусіць вытрымаць з паўсотні зімовых куртак і палітонаў. Ахвочых трапіць на кватэрнік Сяргея Пукста багата. Тым больш што напярэдадні хадзілі чуткі, нібыта музыка дае свой апошні канцэрт.
лідар гурта “Красные звёзды” Уладзімір Селіванаў
Сярод прысутных на кватэрніку — мастакі, фатографы, студэнты, мэнэджары, медыкі, калегі музыкі. Паслухаць Пукста прыйшлі лідар Portmone Аляксей Варсоба, лідар гурта “Красные звёзды” Уладзімір Селіванаў, спявачка Руся.
Выступ мусіць адбыцца ў залі — невялічкай па памерах, 30 квадратных метраў, затое з высачэзнай столлю ў тры метры, што дае адчуванне прасторы. Па цэнтры пакоя стаіць мікрафон, побач чамусьці раскладзены намёт. З яго якраз і з’явіцца перад прысутнымі Пукст у вобразе Мішэля Фуко, які прыехаў у Савецкі Саюз, апынуўся ў лесе, дзе бесперапынна піў гарэлку са сваімі тутэйшымі сябрамі — фізікамі-ядзершчыкамі. У выніку госць адчуў сябе ўрэшце савецкім чалавекам. Герой Пукста выконвае пару песняў, у якіх злучыліся як савецкія песенныя традыцыі, так і заходні панк-рокавы шал. “Я напяліў тыя старыя падцяжкі і кеды, падсівіў бараду і зрабіўся Мішэлем Фуко ўсяго толькі для таго, каб раптоўна з’явіцца перад публікай, а не проста выйсці і сказаць: “Добры вечар, дарагія сябры”, — так потым музыка патлумачыць гэтую дзею.
На кватэрніку Пукст адмовіўся ад сваёй звычайнай праграмы, якую выконваў апошнім часам, каб трохі паэксперыментаваць і данесці да слухачоў асноўнае — тэксты песняў. Таму ён не спяваў, а фактычна дэкламаваў словы: “Я был для тебя игрушкой, а я другой в жизни”, — выводзіць музыка пад акампанемент прыглушанай электрагітары. А потым прызнаецца, што сам не задаволены сваімі тэкстамі, надзявае ланцуг на шыю і пяе-прамаўляе пра “чужие глаза в ванне с шоколадом”. Ён сапраўды можа чараваць перад публікай, якая, здаецца, зусім не заўважае разгубленасці музыкі.
Пасля канцэрту выканаўца часткова пацвярджае чуткі пра свой адыход ад дзейнасці, але просіць не ўспрымаць гэта як піяр. “Я не Кабзон, які дае развітальны канцэрт, але не сыходзіць са сцэны. Настроены да сябе калі не крытычна, дык адэкватна. Музыка мяне больш не ўзбуджае, я сам не разумею, што я раблю, а таму не бачу сэнсу нешта працягваць”, — кажа Сяргей. Веры яго словам даваць не хочацца, таму ў спадзеве, што той настрой ягоны быў часовы, тэлефаную Пуксту нараніцу: “Ты сапраўды надумаў завязаць?” — “Так, у мяне няма эйфарыі, хоць тэхналагічна навучыўся яе выклікаць, каб былі апладысменты, каб было адчуванне поспеху. Але сам сябе я не запальваю, адчуваю, што людзі не прасякаюцца песнямі, мне шмат што самому ў іх не падабаецца…”. Спявак не кажа пра свой канчатковы сыход, ён спадзяецца на з’яўленне падставаў для таго, каб ізноў выйсці на сцэну. Але пакуль яму карціць узяць паўзу.