
“Мне цяжка ўявіць, каб Ала Сяменава напісала гэтую сваю аўтабіяграфічную аповесць у савецкі час. Настолькі нетыповая ў яе тэксце Беларусь, настолькі нетыповыя, несавецкія ў стэрэатыпным разуменні яе героі. Перад намі – свет беларускага заходняга мястэчка (у якім пазнаецца Наваградак). З руінамі старога замка, з гарой Міндоўга, з фарным касцёлам і жыхарамі, якія надзяюць на святы капелюшы і карункавыя пальчаткі, слухаюць паланэзы і спяваюць “Зорку Венеру”…
Мястэчка, у якім адбываецца дзеянне, робіцца ўвасабленнем нацыянальнага беларускага Космасу . Дваістага космасу – бо як даўно ўжо сфармулявана беларускімі філосафамі кшталту Ігната Абдзіраловіча, лёс беларусаў – быць на цывілізацыйным разломе, на сутыччы дзвюх цывілізацый, заходняй дэмакратыі і ўсходняй дэспатыі, і сінтэзаваць у сабе іх рысы…”