Хто ў дзяцінстве па дваццаць разоў перачытваў прыгоды пасажыраў кітабойнай шхуны “Пілігрым” і захапляўся мужнасцю юнгі з “Пятнаццацігадовага капітана”, той зразумее. Першая ў Беларусі рэгата самапальных шаландаў прайшла на Вілейскім вадасховішчы.
Ідэя такога фэсту ўзнікла ў Сяргея Борсука – фатографа і проста добрага чалавека. Сяргея заўсёды захапляла марская карабельная тэматыка. У дзяцінстве – на ўзроўні прыгодніцкіх раманаў і кіно, потым – больш сур’ёзна. Каб навучыцца ўсім тэхнічным тонкасцям, Сяргей займаўся ў яхт-клубе, дапамагаў будаваць і рамантаваць яхты. А потым знайшоў аднадумцаў і прыдумаў фэст самаробных шаландаў. Гэта і прыгода, і выклік самому сабе, і доказ таго, што сапраўдным капітанам пры жаданні можа быць кожны – літаральна з нуля: трэба сабраць каманду, пабудаваць карабель і схадзіць у невялікае, але самае сапраўднае плаванне.
Згодна правілам, падаць заяўку на ўдзел мог кожны ахвотнік. Важна, каб каманда была не менш за тры чалавекі (капітан, матрос, юнга). Кожная каманда павінна была пабудаваць сваю шаланду (лодку, кат, трымаран, парусны плыт). Для таго, каб судна дапусцілі да рэгаты, яно павінна было трымацца на вадзе з улікам вагі ўсіх чальцоў каманды, мець дзейсны ветразь і ўласны сцяг. Яшчэ адна ўмова: бюджэт будавання не павінен перавышаць 100 у.а. Удзельнікам дазвалялася выкарыстоўваць свае прылады і сухастойную драўніну, але ўсе матэрыялы (цвікі, поліэтылен, парусіна, скотч) павінны купляцца на зададзеную суму.
Шкада, што мы не ўмеем ставіць умоў надвор’ю: у дзень адкрыцця рэгаты разгуляўся шквалісты вецер. Хвалі на Вілейскім вадасховішчы былі не горш за марскія, з грабеньчыкамі. Таму старт шаландаў адклалі на вечар. Праўда, капрызы надвор’я не спалохалі некаторых удзельнікаў: каманда “Пацаны ваще ребята” вырашыла тэставаць сваё судна, нягледзячы на хвалі. Натуральна, выконваючы ўсе меры бяспекі – на кожным з удзельнікаў была надзета ратавальная камізэлька. Не абышлося без прыгод: карабель насіла па хвалях, а ў нейкі момант судна прыбіла да берага ўдалечыні ад лагера фэсту. Прыйшлося рамантаваць – але хто вам казаў, што сапраўдная марская прыгода будзе лёгкай? Дарэчы, былі і такія караблі, якіх стыхія не пашкадавала: вецер зламаў мачту, і ўдзельнікам прыйшлося адмовіцца ад галоўнага заплыву.
Увечары вецер сціх і заплыў пачаўся. З першых хвілін стала зразумела, што галоўная барацьба адбудзецца паміж экіпажамі камандаў “Пацаны ваще ребята” і “Навальніца”. Караблі павінны былі даплыць да невялікай выспы (прыкладна адзін кіламетр) і вярнуцца на бераг, дзе іх чакалі сябры. Дарэчы, публіка не сумавала. На беразе працаваў цудоўны бар “Прытулак мерцвяка”. Дзяўчаткі-бармэнкі частавалі кактэйлямі на любы густ: “Пацалунак русалкі”, “Слёзы васьмінога на рыфе”, а таксама “марскімі” салёнымі агурочкамі.
Ужо было досыць цёмна, калі на бераг вярнулася першая каманда – “Навальніца”. “Пацаны” прыплылі другімі, але яны выканалі ўсе ўмовы рэгаты бездакорна – прычалілі да месца, адкуль і стартавалі. Таму вельмі спрэчнае пытанне, хто “наплаваў” на першы прыз. Аднак суддзі вырашылі прысудзіць “золата” камандзе “Навальніца”, якая дасягнула берагоў першай, хоць і ўдалечыні ад старту. Трэцяй была каманда “Залатая ладдзя”. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў бар, які ўвечары свяціўся шматкаляровымі ліхтарыкамі і медытатыўна калыхаўся на вадзе разам з наведнікамі і кактэйлямі.
Арганізатары спадзяюцца, што фэст паўторыцца яшчэ не аднойчы – і, калі ўсё атрымаецца, нават сёлета. Будзем чакаць!
Кася Кірпацік, Зарына Кандрацьева