“Не маю нават уяўлення пра беларускі тэатр, таму што яго вельмі складана пабачыць”, — менавіта так адказаў сусветна вядомы рэжысёр Гжэгаж Яжына, кіраўнік тэатра “ТР-Варшава”, аднаго з найлепшых сучасных тэатраў Польшчы.
Учора беларускім тэатралам пашчасціла ўпершыню ўбачыць спектакль “У нас усё добра”. З гэтай нагоды ў Мінску прайшоў круглы стол і прэс-канферэнцыя з удзелам прызнанага майстра. Пра спектакль, сакрэты поспеху, творчы шлях і іншае рэжысёр расказаў журналістам. 
Пра спектакль
“Спектакль пастаўлены па п’есе, напісанай два-тры гады таму. Гэта Польшча, якой яна была ў тыя гады. Польскі тэатр пераняў ролю, якую раней адыгрывала польскае кіно, бо тэатр вельмі хутка рэагуе на падзеі і змены.
Гэта комплексная гісторыя, якая паказвае падзеі ад выбуху Другой сусветнай вайны да сённяшняга часу. Дзеянне адбываецца ў Варшаве. Трэба адзначыць, што гэта гісторыя пра некалькі пакаленняў: бабуля, дачка і ўнучка. І тут трэба звярнуць асаблівую ўвагу на тое, што ў спектаклі грае Данута Шафлярска (найстарэйшая актрыса Польшчы, легенда польскага тэатра і кіно, цяпер ёй 96 гадоў). Гэта было вельмі важна, таму што яна памятае вайну, удзельнічала ў Варшаўскім паўстанні, на гэтым і грунтаваўся спектакль.
Для мяне гэтая драма Дароты Маслоўскай выдатна паказвае стан нашай свядомасці і свядомасці грамадства. Яна апавядае пра тое, пра што палякі думаюць, што іх непакоіць. Тут дзве вельмі важныя тэмы: першая — Другая сусветная вайна ў Варшаве, другая — тэма апошніх дзён: ці належыць Польшча да Еўропы, ці сталі мы еўрапейцамі або засталіся тымі ж самымі палякамі”.
Пра аўтарку п’есы — Дароту Маслоўску
“Я пазнаёміўся з Даротай Маслоўскай, як і большасць палякаў, праз першую яе кніжку, якая называлася “Польска-расійская вайна”. Ёй было гадоў 17, калі яна яе напісала, зрабіўшыся вельмі вядомай у Польшчы.
Дзесьці шэсць гадоў таму мы падумалі, што было б вельмі цікава пабачыць адзін з яе твораў на сцэне і замовілі драматычны твор пад назвай “Двое бедных румынаў, што размаўляюць па-польску”. Потым мы замовілі другі тэкст для нашага тэатра — гэта ўласна тое, з чым мы сюды прыехалі. Дароту Маслоўску даволі цяжка ставіць, бо гэта вельмі спецыфічныя драмы і спецыфічная мова драмы”.
Пра свайго настаўніка
“У часы навучання ў Кракаве мне пашчасціла — я трапіў у рукі Крысціяна Лупы. Ён навучыў мяне працаваць з акторамі і даў зразумець, адчуць, чым ёсць тэатр для артыста. Тэатр — месца, дзе актор павінен шчыра і ад душы выказваць тое, што ён думае і адчувае, але гэта мусіць знаходзіць водгук, таму пасыл выказвання павінен быць выразны, ясны. Кожны спектакль, кожнае пасланне павіннае быць адпаведным чынам упакаванае (як алей або хлеб), каб дайсці да адрасата.
Філасофія апісвае свет, але мне патрэбен быў кантакт з людзьмі, і я выбраў тэатр як сродак гэтага кантакту”.
Пра сакрэт поспеху, сябе і сваю аўдыторыю
“Я перш за ўсё абапіраюся на рэальнасць, як я яе разумею, як я хачу яе апісваць, шукаю адпаведныя тэксты, якія б гэтай рэальнасці пасавалі і яе выказвалі. Сакрэт поспеху — у гэтым.
Я нарадзіўся ў 1968 годзе, а калі пасталеў, у Польшчы памяняліся палітычная і эканамічная сістэмы. Якраз у гэты час я заканчваў курс навучання ў Крысціяна Лупы, сваю філасофію. А людзі перасталі хадзіць у тэатр, таму што да гэтага тэатр быў вельмі палітызаваны, потым наступіла свабода, і адпала неабходнасць у такім тэатры. Усе казалі, што зараз наступіць капіталізм, але ніхто не ведаў, што гэта такое. Таму акторы пайшлі граць у рэкламе на тэлебачанні, а тэатры пуставалі. Гэта працягвалася гады тры. Натуральна, паўстала пытанне фінансавання, і тады ўлады горада вырашылі аддаць тэатр вельмі маладому чалавеку, які дасць праблеме рады за тыя сродкі, якія яму дадуць. Так я стаў самым маладым тэатральным арт-дырэктарам у Польшчы. Мне было 29 або 30, дакладна не памятаю.
Атрымалася так, што ў тэатр прыйшоў зусім новы глядач. Не той, які хадзіў і перастаў хадзіць, а зусім іншыя людзі. Яны пачулі, што ў тэатры адбываецца нешта новае. У слове “новае” і хаваецца сакрэт поспеху. “Новае” мы пракрычалі на ўсю краіну. Азіраючыся назад на першы спектакль — ён называўся “Трагічнае вар’яцтва”, — я разумею, што ён супаў з марамі, спосабам самавыяўлення маладых трыццацігадовых людзей. Гэтыя людзі адчулі, што ёсць месца, дзе хтосьці выказвае іх думкі, спадзяванні, праўду. У гэтым мы бачым місію нашага тэатра, думаю, што ў гэтым ключы я б і шукаў сутнасць паслання нашага тэатра свету”.
Данута Шафлярска
Тыя, каму не давядзецца пабываць на паўторным паказе спектакля “У нас усё добра”, што пройдзе 26 кастрычніка, могуць азнаёміцца з ім на сайце тэатра. Яго сапраўды варта ўбачыць.