Рок-фантазія ад праекту «Арцём Мід»

17.05.2013 Музыка

Праект «Арцём Мід» прэзентуе на Ultra-Music свой дэбютны альбом «Шчасце» — фантазію на тэму сучаснага беларускага року.

— Сёння ў беларускіх гуртоў ёсць два альтэрнатыўныя шляхі развіцця: альбо, пераймаючы і капіюючы іншыя жанры, стылі і мовы, стаць слабым адгалоскам чужой культуры, альбо шукаць сваё унікальнае месца ў сучаснай музыцы. Нам цікавае другое, і альбом «Шчасце» — гэта спроба даказаць, што беларускі рок можа быць адначасова сучасным і аўтэнтычным, што ў яго межах можна знаходзіць новыя грані і не губляць пры гэтым сувязяў з традыцыямі, — кажа заснавальнік праекту, вакаліст і гітарыст Арцём Мід.

Музыка пачаў складаць і запісываць музыку ў 2011 годзе, але часам заснавання праекту «Арцём Мід» можна лічыць лета 2012 году, калі быў сабраны склад музыкаў і пачалася праца над альбомам.

— Для мяне ў музыцы істотна не кіравацца нейкай гатовай формулай. Свету не патрэбныя «музычныя ксеракопіі», — кажа Арцём. — Гэты альбом — мая прыватная фантазія на тэму сучаснага беларускага року. У ім шмат спробаў і эксперыментаў з традыцыйным інструментальным наборам большасці рок-гуртоў, асабліва — з голасам. Пры гэтым, я ўпэўнены, што ў нас атрымалася стварыць альбом, які будзе зразумелым і ядомым для шырокай аўдыторыі, а не толькі для крытыкаў і музыкаў.

Першапачаткова праект «Арцём Мід» быў цалкам сканцэнтраваны на студыйнай працы. Але ў бліжэйшы час музыкі плануюць падрыхтоўку live-версіі альбому «Шчасце».

СПАМПАВАЦЬ

Вячаслаў Радзіонаў, Ultra-Music