Гурт Akute прадставіў свой другі студыйны альбом “Не існуе” на вялікім сольным канцэрце ў мінскім Re:Public. Выступ атрымаўся вельмі душэўны, а падчас бісу музыкі пачулі нямала шчырых прызнанняў ад сваіх прыхільніц.
Суботні вечар у Re:Public адкрылі сваім выступам музыкі з гурта hum flying bulletproof noodle, чый альбом “tape” можна назваць адным з галоўных адкрыццяў у беларускай музыцы ў мінулым годзе. Гэтыя сціплыя хлопцы папросту загіпнатызавалі публіку сваімі нетаропкімі , павольнымі і цягучымі песнямі. Лішнімі музыкі яўна не пачуваліся і годна адыгралі свой сэт, падчас якога ніхто не клікаў хэдлайнераў вечара.
Akute прыехалі ў Мінск, каб прадставіць урэшце ўжывую песні са свайго другога студыйнага альбома “Не існуе”. Некаторыя творы яны ўжо гралі на гэтай жа сцэне падчас удзелу ў сумесных з іншымі гуртамі канцэртах. Але, як адзначыў аўтар песняў і басіст каманды Рома Жыгараў, усе песні з дыска разам прагучаць у беларускай сталіцы ўпершыню. Akute падрыхтавалі двухгадзінную праграму, якую можна падзяліць на тры часткі. У першую ўвайшлі новыя кампазіцыі. Некаторыя з іх Рома прадстаўляў асобна, напрыклад, “Іголкі”. Перад яе выкананнем музыка перадаў прывітанне стваральнікам серыяла “Вышэй за неба”, якія ўзялі Akute за прататып “кіношнага” гурта. Адпаведна, у саўндтрэк увайшло некалькі песняў каманды. Сцэнарыст фільма Андрэй Курэйчык быў у зале і актыўна падтрымліваў Akute. Што да песні “Зорка”, то музыкі абяцалі ў хуткім часе прадставіць на яе кліп, які ўжо фактычна гатовы.
Калі Стас і Рома ўзялі ў рукі акустычныя гітары і нечакана сыгралі адзін з хітоў з “Не існуе” – “Кроў бы вада” – у акустыку, распачалася другая ўмоўная частка канцэрту. Музыкі вырашылі падрыхтаваць некалькі сваіх песняў у лайт-версіі, а таму працягнулі, сыграўшы яшчэ “Непазбежна”, “Прамяні”, такім чынам перайшоўшы да трэцяй часткі канцэрту – песняў з першага дыска “Дзевачкі і космас”. Сыгралі нават “Не прачнемся”, якая ўвайшла ў той альбом схаваным бонусам. “Давайце такое прыдумаем, што мы ўпершыню яе граем для вас”, – неяк мудрагеліста прадставіў гэты твор басіст каманды.
На дэсерт, натуральна, было пакінутае “Адзіноцтва”. Пасля выканання свайго галоўнага хіта музыкі раптоўна скокнулі на танцпляц, проста ў абдымкі сваіх прыхільнікаў. Хлопцы ціснулі ім рукі, дзяўчаты намагаліся пацалаваць, нехта з прыхільніц закрычаў: “Рома, я хачу ад цябе дзяцей”. Нехта проста прагнуў атрымаць аўтограф. Музыкі ледзь выбраліся назад на сцэну, паабяцалі “падпісаць усё што заўгодна праз 10 хвілін” ды сыгралі яшчэ “Кроў бы вада”, гэтым разам у электрычнасці. Адразу пасля канцэрту да Akute пашыхтавалася немалая чарга, каб падпісаць дыскі. Стомленыя і задаволеныя Стас, Рома ды бубнач Павал вярнуліся ў родны Магілёў.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч