Вылучэнне на Нобелеўскую прэмію Святланы Алексіевіч ажывіла дыскусію пра тое, ці належыць рускамоўны сегмент у прыгожым пісьменстве да беларускай літаратуры. Менавіта гэтая праблема (а не прыналежнасць да аднаго з двух пісьменніцкіх саюзаў, пэўнай палітычнай плыні або групоўкі) падзяляе літаратараў на два непрымірымыя лагеры.
Статус мовы
Прыхільнікі пазіцыі “нашая!” сцвярджаюць, што на рускай мове думаюць самі творцы і размаўляе большая частка насельніцтва краіны. Да таго ж яны абвінавачваюць сваіх апанентаў у пэўнай дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце і настойваюць на роўнасці. Праціўнікі пераконваюць, што ў карэнных жыхароў краіны можа быць толькі адна родная мова, таму рускамоўныя творцы належаць да рускай літаратуры. Можна пачуць і меркаванне, што роўнасць правоў можа адмоўна паўплываць на стан беларускамоўнай літаратуры, якая цяпер перажывае не найлепшыя часы. На маю думку, ісціна, як часта здараецца, дзесьці пасярэдзіне.
Парадокс, але існаванне БССР было ці не адзіным перыядам, калі беларуская мова ў літаратуры стала манапалістам. Бо для Сярэднявечча было ўласцівае традыцыйнае для Еўропы шматмоўе (у ВКЛ кнігі выходзілі на старажытнабеларускай, польскай, лаціне і г.д.). А ў Новы час (калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі) назіралася дамінаванне ў літаратуры моваў, прынесеных адміністрацыяй іншых краін (адпаведна, польскай і рускай).
Здавалася, ХХ стагоддзе дало рускамоўным літаратарам ідэальны шанец, каб заявіць пра сябе. Але савецкі перыяд не дадаў у літаратурную скарбонку імёнаў беларусаў, якія пісалі б не на роднай мове (постаці Алеся Адамовіча, Веніяміна Блажэннага, Ігара Шклярэўскага і, магчыма, некаторых іншых творцаў, ёсць хутчэй выключэннем, чым правілам). Наогул, творчасць тагачасных рускамоўных пісьменнікаў не ўспрымалася ні ўладай, ні чытачамі як частка беларускай літаратуры. Таму ў дачыненні да савецкага часу цяперашні класічны аргумент (маўляў, паўсядзённыя стасункі большай часткі насельніцтва ажыццяўляюцца па-руску, таму і літаратура мусіць стварацца на гэтай жа мове) не спрацоўвае. Дык чаму пытанне пра рускамоўную літаратуру цяпер успрымаецца як актуальнае? Для адказу дазволю сабе больш падрабязна спыніцца на адпаведным сегменце ў айчынным прыгожым пісьменстве.
На першы-другі разлічыся!
У рускамоўнай літаратуры Беларусі можна вылучыць некалькі кірункаў.
Першы прадстаўлены творцамі, якія імкнуцца працягваць традыцыі элітарнай літаратуры, а таму арыентуюцца пераважна на чытацкую аўдыторыю “тоўстых” айчынных часопісаў (“Нёман” і “Новая Немига литературная”). Сярод іх – паэты Анатоль Аўруцін і Юрый Сапажкоў, празаік Аляксандр Станюта (двое апошніх нядаўна пайшлі з жыцця), драматург Алена Папова і іншыя. Менавіта да гэтай групы належыць Святлана Алексіевіч, якая прадстаўляе рускамоўную літаратуру Беларусі ў свеце.
Другую групу складаюць пісьменнікі, чые творы, арыентаваныя на шырокую аўдыторыю, выходзяць пераважна ў Беларусі. Аўтары ствараюць жаночыя раманы (Наталля Батракова, Тамара Лісіцкая,), дэтэктывы (Мікалай Чаргінец, Сяргей Трахімёнак), гістарычную белетрыстыку (Юрый Татарынаў).
Блізка ад іх знаходзяцца творцы, якія свядома працуюць на расійскі кніжны рынак. Сярод іх вылучаюцца фантасты (Вольга Грамыка), дзіцячыя пісьменнікі (Андрэй Смятанін, дуэт Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак), аўтары дэтэктываў (Ганна Альхоўская, Вольга Тарасевіч, а таксама айчынныя ўдзельнікі праекта па стварэнні цыкла раманаў, што выходзіць пад прозвішчам Андрэй Варонін).
Нарэшце, да чацвёртай групы можна аднесці айчынных рускамоўных драматургаў (Павел Пражко, Мікалай Рудкоўскі, Дзмітрый Багаслаўскі, Юлія Чарняўская). У пэўным сэнсе да іх можна далучыць творцаў, для якіх драматургія – толькі адзін з відаў дзейнасці (напрыклад, Андрэй Курэйчык апошні часам выступае як сцэнарыст, а Дыяна Балыка вядомая як аўтар кніг па псіхалогіі адносін). Прынцыпова, што спачатку ўсе яны (за выключэннем Чарняўскай) дасягнулі поспеху за межамі Беларусі, а ўжо потым, дастаткова марудна і рэдка, пачалі ставіцца на радзіме.
Наўмысна не ўключаю ў класіфікацыю Віктара Марціновіча, які піша на абедзвюх дзяржаўных мовах.
Чаму па-руску?
На першы погляд выбар пісьменнікаў выклікае непаразуменне. Нават у брэжнеўскія часы на роднай мове ў рэспубліцы размаўляла нашмат менш людзей, чым цяпер. Дык чаму адмова ад яе адбылася менавіта ў незалежнай Беларусі?
Перш за ўсё, большасць айчынных пісьменнікі гадавалася за савецкім часам у вёсцы, а гэта значыць, у беларускамоўным асяроддзі. Большасць цяперашніх творцаў – гараджане ў другім ці трэцім пакаленні, якія з нараджэння чулі рускую гаворку. Адпаведна, айчынныя пісьменнікі ў савецкі час маглі размаўляць па-руску, але думаць і пісаць па-беларуску. Цяпер мы можам назіраць адваротную сітуацыю.
Але існуе яшчэ адна прычына. У СССР (у тым ліку ў БССР) дзяржава клапацілася пра літаратараў. Пісаць па-беларуску было прэстыжна і прыбыткова. У сучаснай Беларусі занятак літаратурай высока не катуецца і прыносіць сімвалічныя ганарары. Заўважце, большасць згаданых вышэй пісьменнікаў мэтанакіравана працуе на рынак. То бок яны гатовыя ў большай ці меншай ступені прыстасоўвацца да попыту і прапановы. Таму я ўпэўнены, што калі б у Беларусі існаваў рынак, а айчынныя выдавецтвы зрабілі больш высокія стаўкі ганарару ў параўнанні з маскоўскімі і прапанавалі аўтарам пісаць па-беларуску, большасць з іх згадзілася б. Таму ідэйных, перакананых рускамоўных пісьменнікаў не так і шмат. Гэта тыя, хто мэтанакіравана піша “для вечнасці” на мове нашых усходніх суседзяў.
Дык “нашыя” ці не?
Для адказу на пытанне магу прапанаваць некалькі падыходаў.
Першы. Адмовіць усім рускамоўным літаратарам у праве звацца беларускімі пісьменнікамі. Але ён немагчымы, бо цалкам ігнараваць ролю рускай мовы ў грамадскім жыцці мы не можам.
Другі. Уключыць у беларускую літаратуру ўсіх такіх творцаў. Гэта рызыкоўна, бо ўсе памятаюць сітуацыю, калі тэарэтычнае раўнапраўе дзвюх моваў ператварылася ў дамінаванне адной.
Каб сфармуляваць трэці, дазволю сабе параўнанне з гісторыяй Германіі. Пасля вайны там існавала сацыялістычная ГДР і капіталістычная ФРГ. Але ў выніку першая далучылася да другой. Пры такім падыходзе элітарную рускамоўную літаратуру Беларусі трэба пакінуць Расіі (бо гэтыя творцы самі зрабілі свой свядомы, ідэйны выбар і не зменяць яго пры іншых абставінах). І чакаць, пакуль пры спрыяльных умовах рынкавая рускамоўная літаратура пакажа сваю нежыццяздольнасць, а яе аўтары пачнуць пісаць па-беларуску. Мінус у тым, што такога цуду можна не дачакацца.
Нарэшце для фармулёўкі чацвёртага падыходу зададзім простае пытанне: ці патрэбныя нам рускамоўныя графаманы, рускамоўная масавая літаратура, пасрэдныя выданні і сярэднія творы? Такога ў нас хапае і па-беларуску.
Да таго ж у нашай краіне апрыёры не можа скласціся самастойны рускамоўны кніжны рынак. Прычынаў таму шмат. Мы працягваем знаходзіцца ў інфармацыйнай прасторы ўсходняй суседкі, а магутнасць айчынных СМІ не можа канкураваць з расійскімі. Суседства дапамагае іх прадукцыі лёгка адолець шлях да чытача. Колькасць насельніцтва ў нас і ў Расіі несупастаўляльныя. Таму ніводнае айчыннае выдавецтва не зможа выпусціць кнігу большым накладам, чым маскоўскія ці піцерскія канкурэнты. Адпаведна, каштаваць нашая будзе даражэй. Такім чынам, у рынкавым аспекце рускамоўныя кнігі Беларусі (незалежна ад іх якасці) асуджаныя заставацца часткай расійскай літаратуры.
А вось з нешматлікімі выданнямі класічнага, элітарнага ўзроўню – асаблівая сітуацыя. Нагадаю, што неспрыяльныя ўмовы для мовы склаліся не ўпершыню. Але ж у беларускую літаратуру ўключаны твор Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, хоць ён напісаны па-польску. Таму пры такім падыходзе найлепшыя таленавітыя творы, напісаныя па-руску, могуць стаць часткай беларускай літаратуры.
Дзяніс Марціновіч