15 кастрычніка ў Берасці прайшоў першы фестываль “Бугарок”. Фэст ад пачатку ўзяў планку міжнароднага, сабраўшы каманды з Беларусі, Украіны і Расіі. Vinsent, Kaizen, Rolliks ды мясцовая Sciana стварылі сапраўднае свята рок-н-ролу, драйву і братэрства. 4 гадзінныя сэты паказалі — рэгіянальныя рок-фестывалі ў Беларусі маюць будучыню!
Госці з сонечнай Масквы, гурт Kaizen, выступілі на фестывалі ў падтрымку свайго наступнага альбома «Любим делать красиво!». Масквічы зладзілі добрае шоу, якому бракавала хіба што актыўнасці неразагрэтай яшчэ як след публікі. Непаразуменне выклікала песня пра расстрэлы, ініцыяваныя КПСС: пэўна, стаўленне да гэтай часткі гісторыі па розныя бакі беларуска-расійскай мяжы ўсё ж рознае.
Крэйсер белнацрэпу Vinsent выплыў на сцэну ў поўнай боегатоўнасці. Аператыўна замяніўшы парваны пластык, 4 матросы як след жахнулі са сваёй сцэнічнай “Аўроры”. Моцна пачаўшы з “Бог, Радзіма, Воля” і “Нас не скарыць”, гурт і надалей не зніжаў градусу выступу, давёўшы ўсё да лагічнай “Не быць скотам” з прывітаннем Міхалку і Купалу. Сацыяльны градус яшчэ доўга будуць запісваць у мінусы артыста, але поўны жывы склад і добры сцэнічны рух ставяць Вінсэнта значна вышэй за канкурэнтаў па хіп-хоп-сцэне.
На фінішную лінію вывелі фестываль херсонскі Rolliks ды берасцейская Sciana, якія не так даўно правялі сумесны тур па Украіне. Не без парваных струн пачала свой сэт Sciana, што сыграла найлепшае з двух альбомаў ды некалькі новых, зусім свежых песняў. Людзі прасілі яшчэ, але рэгламент вымагаў ад рокераў перадаць эстафету хэдлайнерам. Тлустую кропку рок-н-рольнай суботы паставілі гарныя херсонскія хлопцы, якія ўпершыню за сваю гісторыю выехалі за межы Украіны . Сыграўшы дзясятак блакбастэраў і мядляк, гурт Rolliks развітаўся з Берасцем, паабяцаўшы вярнуцца.
Адказваючы на пытанне пра будучыню фестывалю, ягоны арганізатар Зміцер Назараў каротка кажа: “Працяг будзе!” І па-філасофску дадае: “Пакуль галоўнае — падзякаваць спадару Разумцу, без падтрымкі якога стартавы фестываль не адбыўся б”.
Алесь Плотка, фота – Аляксандр Крупіна