Зорка польскай паэзіі Рышард Крыніцкі выступіў у галерэі «Ў» на прэзентацыі зборніка беларускіх перакладаў уласных вершаў пад назвай «Дакрануцца».
Кніга, якую склалі пераклады выбраных твораў розных гадоў, выкананыя Андрэем Хадановічам, чарнела на стале містычнай вокладкай, на якой у беспрагляднай цемры толькі назва драматычна падсвятляецца неонавай лямпай. Адзін з найлепшых паэтаў Еўропы, як прадставіў беларускай публіцы пана Рышарда вядоўца Андрэй Хадановіч, быў у нечым падобны да сваёй беларускай кнігі – чорным касцюмам ды ззяннем сівізны на скронях. На пытанні, якія ён разумеў па-беларуску без перакладчыка, паэт адказваў няспешна, ціха і без усмешкі, а ў аповеды пра свае вершы, якія перакладаліся на многія мовы ды займелі шматлікія ўзнагароды, заўжды дадаваў трохі сціпласці, пераймаючыся, што «чалавечая вытрымка, калі справа датычыць паэзіі, вельмі абмежаваная».
Рышард Крыніцкі, які сёлета адзначыў 70-годдзе, дэбютаваў у 1968-м. Падчас выступу ён лёгка пералятаў праз пакаленні і дзесяцігоддзі, чытаючы то раннія вершы, напісаныя ў гады апазіцыйнай дзейнасці, то творы 80-х – з часоў забароны, то ўжо створаныя ў часы незалежнай Польшчы, калі зрабіўся культавым і шырока вядомым паэтам.
“Я жыў у цікавыя часы, якія былі і самымі цяжкімі для паэзіі, – адказаў Крыніцкі на пытанне Хадановіча пра змены ў рэчаіснасці і літаратуры. – Калі быў маладым паэтам, апроч фундаментальных пытанняў, да якіх спрабаваў асцярожна дакрануцца, я імкнуўся пісаць пра тую рэчаіснасць, якая існавала вакол нас. З таго часу яна змянілася амаль цалкам: я жыў у зняволенай краіне, цяпер жыву ў вольнай. Змянілася нашае асабістае жыццё, свет вакол нас, змяніўся кожны чалавек. Цяпер я сам сабе задаю пытанне, якія з тых вершаў засталіся жывымі для сённяшніх чытачоў, маладзейшых за маю дачку”.
Нават на прыкладзе некалькіх прачытаных вершаў, створаных у розныя часы, бачна, як паэзія Крыніцкага робіцца больш лаканічнай і канцэнтраванай, як словы набываюць сэнсавую звонкасць, гучаць шматзначным рэхам і кладуцца ў памяць заварожвальнай афарыстычнасцю.
“Пра мае вершы гавораць, што яны маюць афарыстычны характар, але я ніколі не ставіў за мэту пісаць афарызмамі, бо ў мяне ніколі б не атрымалася так, як пісаў Станіслаў Ежы Лец, – кажа аўтар. – Люблю ў паэзіі дакладнасць. Кароткая форма, да якой я перайшоў пасля шматгадовага пісання вершаў, – гэта якраз вынік пошуку дакладнасці ў паэтычнай мове. Мне блізкая паэзія Далёкага Усходу з яе кароткімі формамі, такімі як хайку”.
Рэдактар кнігі Уладзімір Арлоў таксама адзначыў празрыстасць сэнсаў і словаў як вызначальнае ў манеры польскага паэта: “Для мяне імя Рышарда Крыніцкага стаіць у адным шэрагу з імёнамі Віславы Шымборскай, Збігнева Герберта і Чэслава Мілаша. Пан Рышард стварае паэзію неверагоднай вусцішнай галавакружнай глыбіні і празрыстасці, у гэтай празрыстай глыбіні раз-пораз бліскаюць іронія, самаіронія. І тут невыпадкова ўсплыло імя Станіслава Ежы Леца, бо шмат якія вершы нагадваюць яго афарызмы, прыгадаю адзін з іх: “Я прачнуўся з палёгкай, мне снілася рэчаіснасць”.
Працягваючы гутарку з перакладчыкам і вядоўцам імпрэзы Андрэем Хадановічам, Рышард Крыніцкі расказаў таксама, чаму, пражыўшы амаль 40 гадоў у Познані, вырашыў пераехаць у Кракаў: “Познанскім паэтам, па шчырасці, я стаў выпадкова. Мая сям’я паходзіць з Галіцыі, з маленькага мястэчка паміж Львовам і Тартакам. У Познань я паехаў вучыцца, бо гэта быў найбліжэйшы горад, дзе знаходзіўся ўніверсітэт, і застаўся там. Але мяне ўвесь час цягнула ў бок Галіцыі, а адзіны сапраўды галіцыйскі горад – Кракаў”.
Паэт павінен умець нешта, апроч пісання вершаў, перакананы Рышард Крыніцкі, які таксама перакладае з нямецкай. Апроч таго, ён вядомы і як выдавец, намаганнямі якога пабачылі свет многія зборнікі польскай паэзіі. “Я жыў у зняволенай краіне, дзе была цэнзура, дзе немагчыма было нават марыць пра ўласнае выдавецтва, таму змог сабе дазволіць гэта вельмі позна. Я пачаў займацца кнігавыданнем, бо не магу ўявіць свет без кнігі”, – дадае ён.
У біяграфіі Рышарда Крыніцкага, які напісаў даволі шмат па паэтычных мерках, здараліся паўзы, якія можна было б лічыць безнадзейнымі. Пасля зборніка ў 1987-м маўчанне доўжылася ажно 17 гадоў, а з часоў апошняй кнігі ўжо мінула дзевяць. “Маўчанне здараецца з паэтам, Адам Міцкевіч замаўчаў вельмі рана, і гэта не адзіны выпадак, – кажа Крыніцкі. – Цяпер выходзіць столькі кніг, мы жывем у свеце, які заліты словамі, я не заўсёды хачу ў гэтым удзельнічаць. Не кранаючы асабістыя прычыны, я стараюся часам маўчаць з павагі да чытача”.
Аляксандра Дорская, фота – Зарына Кандрацьева