У чароўны свет дзяцінства, калі дрэвы яшчэ падаюцца гіганцкімі, а Дзяды марозы – сапраўднымі, далі нырца тыя, хто наведаў каралеўства маленькіх цмокаў у галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.
У гэтым каралеўстве магчыма амаль усё! Але спачатку кожны хлопчык ці дзяўчынка павінны ператварыцца ў прынца ці прынцэсу. Для гэтага дастаткова зрабіць уласнымі рукамі карону: з паперы, з рознымі налепкамі, малюнкамі, банцікамі, вяровачкамі. Вераніка Круглова – да дачкі: “Йо-Йо, карону будзеш апранаць?”
Атрымаць падарункі ад Святога Мікалая можна ў кінігарні ЛогвінаЎ на ранішніках з Юрыем Усціновічам, а таксама паслухаць цікавыя казкі Алены Бабак. Беларускі казачнік, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка чытаў вершыкі пад выглядам інтэрактыўнай гульні: казаў нумары старонак, а дзеткі загадвалі любімы нумар, і ён чытаў вершык пра тую ці іншую жывёлку. Можа хто ведае, дзеля чаго існуе котка? Вось спадар Пятро Васючэнка ведае, а цяпер ведаюць і тыя дзеткі, што слухалі яго. Трэндам чытанняў сталі казкі пра мышку, іх атрымалась дзьве: ад Анкі Упалы і Людмілы Рублеўскай. Дзеткам вельмі спадабалася.
А Ірына Калеснікава навула рабіць ваўняныя сувеніры. Раскрыю маленькую тайну – гэта так проста: кавалак воўны, мыльная вада, паліэтылен. “Сакрэт ўнутры кожнага! Гэта павінна з душы ісці. Нараджаюцца такія шыкоўныя рэчы, нават калі ад сябе гэтага не чакаеш. Атрымліваюцца выдатныя звяркі: робіш мішку – атрымліваецца зайчык, зайчыка – каток. Самае галоўнае – паверыць у сябе!” – лічыць Ірына. Вось татуля дапамагае сваёй дачушцы ўпрыгожыць будучую цацку (навагоднюю ёлку) – робіць зорку. “Балота!” – усклікнуў хлапчук, які прамачыў рукаў, калі цацкі багата залілі мыльнай вадой, пакрылі паліэтыленам, і сталі праціскаць, каб поўсць збілася.
Ёлачныя цацкі (з усяго, што можа знайсціся пад рукой, нават з лямпачкі) і навагоднія шкарпэткі для цудаў, з выкарыстоўваннем тэхнікі дэкупаж, дапамаглі стварыць Маргарыта Лазарэвіч і Аляксандра Лучкіна. “Дзецям так прасцей, ім не трэба маляваць, яны проста выразаюць з сурвэтак тыя навагоднія малюнкі, якія ім падабаюцца і наляпляюць, а потым размалёўваюць”, – распавяла Маргарыта. Але трэба набрацца цярплівасці, бо рэчы павінны нейкі час сохнуць. Усё гэта багацце вывешвается на cцяну для прасушкі. Самы просты спосаб – аддаць іх на захаванасць бацькам і пайсці погойсать па “жывых” фатэлях, спецыяльна для гэтага адведзена амаль трэць залы.
З Марыяй Карпянковай можна распісаць драўляныя фігуркі, а з Вольгай Бабурынай – падвескі-кулоны ў тэхніцы “выцінанка”. “Мама, глядзі, што ў мяне атрымалась!” – радуецца дзяўчынка. А праз хвіліну ўжо плача: “Я нікуды адсюль не пайду! Мам, я так хачу зрабіць гліняны магніцік! Давай застанемся яшчэ”. Гэта пра майстар-клас Ірыны Лукашэнкі, дзе дзеткі распісвалі гліняныя магніцікі (домік, снегавік, котка, рыбка, птушка, сардэчка) акрылавымі фарбамі.
Павел Лукашэвіч навучыць дзетак роспісу вінілавых цацак, а зусім маленькіх – роспісу картонных нарыхтовак. “Мы прасоўваем новы кірунак у сучасным мастацтве, якое прыйшло з Японіі ў канцы 90-х гадоў – дызайнерскія вінілавыя цацкі. Японскі мастак Майкл Лаў рабіў сваімі рукамі вырабы і дарыў сябрам. Яго працы сталі карыстацца поспехам, у выніку майстар адкрыў сваю фабрыку. На майстар-класе мы прапануем распісаць гатовую даўбешку, каб развіць творчасць у дзяцей і прыцягнуць увагу да гэтага кірунку”. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце urbanvinyl.by. Даўбешкі каштуюць ад 55 тысяч і вышэй. Дарэчы, на ўзнагароджанні Street awards 2011 будзе намінацыя на лепшую цацку, яшчэ не позна паўдзельнічаць.
Тым часам ў чайнай (былым “Малако”) луналі бадзёрлівыя водары мандарынаў і арыгінальных чайных напояў, зробленых па індыйскіх рэцэптах, ад смаку якіх можна было атрымаць асалоду пад мультфільм.
І ўсё гэта вясёлае “бязладдзе”, адбывалася пад музыку Pan-Quartet: кларнет, віяланчэль і дзве скрыпкі. Удзельнікі струннага квартэта за дзень выходзілі ў залу разы чатыры, і заўсёды з новай праграмай: то гэта былі аранжыроўкі (у духе Balanescu Quartet) вядомых рок-гуртоў, рок-н-рольных кампазіцый, то завадныя танга, то беларускія мелодыі – “песняроўскія” – “Белая Русь”, “Белавежская пушча” і “Касіў Ясь канюшыну” у джазавым варыянце. А яшчэ можна было паспяваць калядныя беларускія спевы разам з дзяўчынамі ў традыцыйных беларускіх строях і святочных вышыванках. Ну як тут не пусціцца ў скокі!
Як распавяла вакалістка KRIWI Вераніка Круглова, якая прыйшла на фестываль з сям’ёй, “Усё супер! Мы патрапілі сюды вельмі спантанна, не збіраліся ў Мінск. Вось прыехалі да бабулі, а тут такія справы! Дачка балдзее, і нам прыемна таксама”.
Вясёлы карагод майстар-класаў працягнецца і 25 снежня, дакладную праграму фестываля можна паглядзець на сайце галерэі. Дарэчы, менавіта ў нядзелю загадкавая Бенька (Святлана Бень) разам з Антанiнай Слабодчыкавай пакажуць тэатральную пастаноўку для дзетак.
Зарына Кандрацьева, фота – Аляксандр Ждановіч