“Якія перакуры, хадзем, ужо пачынаецца!” — на парозе састарэлай хаты ў адным з не выкарчаваных часам “прыватных” сектараў чуваць галасы двух хлопцаў. “Пяць сек, ты паглядзі, якая атмасфера. Во дзе сапраўдны хіпстарскі дух, не тое што “Малако” гэтае. Ды ўсё, не крычы, іду я!” Свабодны тэатр. П’еса “Нью-Ёрк — 79”. Апошні дзень верасня.
Яна Русакевiч
“Добры вечар! Калі нехта не ведае, то вы ў Свабодным тэатры”, — вітае ўсіх прысутных паненка ў цэнтры залы. “Калі ласка, падыміце рукі тыя, хто тут упершыню. Ого, як вас шмат…” “Навічкоў” сёння значна больш за “аксакалаў”, хоць агульная колькасць людзей не такая й вялікая для імпрэз тэатра — на лавах і падлозе павольна сядзіць блізу трох дзясяткаў чалавек.
Дзяніс Тарасенка
Павел Гараднiцкi
Зусім хутка ўсе яны будуць ужо ў пастарунку. Усе да аднаго — на падлозе і лавах. Усе да аднаго — не здольныя сказаць ні слова. Ні руху, ні груку, ні енку. З пастарунку 79-га года іх уратуе чорная пантэра ў целе актрысы, што з’явіцца ў цэнтры залы і, сціскаючы лапамі мікрафон, перакрые кісларод кожнаму. Калі звычка дыхаць ужо страціць сваю актуальнасць, пантэра ўвап’ецца кіпцюрамі чарговай гісторыі ў горла кожнаму з прысутных — даючы магчымасць на імгненне вярнуцца да рэальнасці. Рэальнасці тэатра, дзе паспяваеш не больш чым хапаць паветра і не менш чым быць яго часткай…
Юлiя Шаўчук
Марына Юрэвіч
Святлана Сугака
“Свабода Свабоднага тэатра, — на думку актрысы Марыны Юрэвіч — у тым, што ты можаш выказвацца на тэмы, якія цябе сапраўды хвалююць. Без цэнзуры. Ты робіш што хочаш — ставіш і граеш. Усе акторы тэатра працавалі раней у дзяржаўных тэатрах, але праз цэнзуру і абмежаванні вымушаныя былі з імі развітацца.
Вiкторыя Бiран
Мы ходзім на спектаклі розных тэатраў, у тым ліку і дзяржаўных, тых, дзе раней працавалі самі. Вельмі яркае ўражанне ад “Спектаклю нумар сем” Жэні Карняка. Усё супер, але чагосьці не хапае, думаю, што выкліку. Працяг “Нью-Ёрка — 79” называецца “Мінск — 2011”, яго рэпеціравалі ў Англіі, і зусім хутка ён будзе пастаўлены. Праз вядомыя падзеі нашыя рэжысёры знаходзяцца ў эміграцыі — і пад кожны цыкл рэпетыцый шукаецца адмысловая рэзідэнцыя. Дзякуй Богу, пакуль знаходзіцца…”
Заслона. Цені гасцей губляюцца ў апошняй вераснёўскай ночы. Двух невядомых грамадзян чакае адкладзены на гадзіну дваццаць перакур. Ёсць рэчы ў жыцці, пасля якіх і ты, даўно кінуўшы шкодную звычку, адчуваеш сабе ў стане “перакуру”…