Наста Шпакоўская са сваім гуртом дала доўгачаканы двухгадзінны канцэрт у дзвюх частках з антрактам. Нягледзячы на пэўныя праблемы, музыкі здолелі не толькі парадаваць вядомымі творамі, але і падрыхтаваць некалькі новых песняў, якія першымі пачулі тыя, хто прыйшоў 16 сакавіка ў клуб Loft.
Гэты канцэрт Насты Шпакоўскай мусіў прайсці яшчэ 4 лютага. Але тады музыкі вымушаныя былі яго адмяніць — бубнач гурта зламаў руку. Гіпс у Дзмітрыя Рыбакова, дарэчы, знялі ўсяго за дзень да канцэрту. На якасці яго гульні змушаны перапынак аніяк не адбіўся. Хіба што музыкі маглі развучыць разам з ім больш новых песняў. Зрэшты, некалькі прэм’ераў у гэты вечар усё ж адбылося.
“Добры вечар, ну, мы пачынаем, так?” — сціпла павіталася спявачка са слухачамі і пачала з песні “Время”. Аснову праграмы ў гэты вечар склалі песні з апошняга студыйнага альбома гурта Naka “Пора”, выдадзенага ў 2010, а таксама песняў, напісаных у апошнія два гады і выкладзеных у сеціва. За некалькі дзён да канцэрту гурт прадставіў у інтэрнэце свой новы твор “Во чреве кита”, напісаны пад уражаннем ад рамана Оруэла “1984”.
Некаторыя слухачы паспелі ўжо вывучыць словы з яго і падпець Насце. А песні з леташніх міні-альбомаў “Собирайтесь” і “За минуту до взрыва” дык наогул ужо ўвайшлі ў лік асноўных хітоў каманды. “Всех забрали”, напрыклад, нечакана для саміх удзельнікаў гурта стала іх самым папулярным відэа. Наста спявала песню з прымружанымі вачыма следам за “За минуту до взрыва”, без паўзы. Пасля гэтага драматычнага блоку гледачы некалькі хвілінаў апладзіравалі. Пры канцы першага аддзялення Наста заклікала сваіх прыхільнікаў праявіць міласэрнасць і хоць неяк дапамагчы бяздомным жывёлам.
Другая частка канцэрту пачалася з “BY YOU”, якую яшчэ называюць “Чарнобыльскай калыханкай”. Гэтую песню суправаджаў адмыслова падрыхтаваны відэашэраг, у які ўвайшлі кадры, знятыя ўласна на тэрыторыі ЧАЭС і паблізу. Вядома ж, прагучалі іншыя беларускамоўныя творы — “У баі” і “Пагоня”. На жаль, ізноў без удзелу Яна Маўзера і Змітра Вайцюшкевіча, якія запісалі дуэты з Настай Шпакоўскай у студыі, але так пакуль і не выканалі іх разам ужывую. Былі ў гэты вечар і зусім новыя творы. “Нешта ціха ў вас тут”, — сказала Наста ў пэўны момант перад прэм’ерай твора “Чистые обочины”, а затым спела яшчэ “Раз-два-три”, зробленую нібы пад дзіцячую, пра тое, якая ў нашай краіне “благодать”. Абодва гэтыя творы спявачка паўторыць, калі яе паклічуць на “біс”: “Так прыемна: вы папрасілі яшчэ”, — сказала яна пры канцы ды параіла ўсім “спрабаваць быць шчаслівымі”. Сама яна якраз такой і выглядала.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч