Стартаваў конкурс “Лепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага”

22.05.2013 Конкурсы

22 траўня аргкамітэт па адзначэнні Году Каліноўскага распачаў конкурс, прысвечаны паўстанню 1863-1864 гадоў і асобе нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Дата старту абрана невыпадкова: 22 траўня 1863 году, 150 год таму, адбылася пераможная для паўстанцаў Мілавідская бітва.

Конкурс “Лепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага” пройдзе ў два этапы – інтэрнэт-віктарына і “жывы” фінал.

Віктарына ўяўляе сабой тэст з 30 пытанняў. Да кожнага пытання прапануюцца чатыры варыянты адказаў, адзін з якіх правільны. Час на тэст абмежаваны – 15 хвілін. Заданні ўдзельнікам віктарыны падбіраюцца выпадковым чынам з некалькіх соцень пытанняў, якія склалі па тэме конкурса гісторыкі і даследчыкі паўстання Каліноўскага. За слушныя адказы будуць налічвацца балы адпаведна ўзроўню складанасці пытанняў – ад 1 да 3.

10 пераможцаў віктарыны выходзяць у фінал конкурса. Ён будзе ўяўляць сабой пісьмовы тэст і спаборніцтва ў фармаце “Брэйн-рынг”. Пераможцы і інтэрнэт-віктарыны, і фіналу атрымаюць прызы.

Падрабязней пра прызы і склад журы – на сайце конкурсу 1863.pyx.by.

Інтэрнет-віктарына ладзіцца з 22 траўня па 16 чэрвеня. Афлайнавы фінал адбудзецца 29 чэрвеня ў Мінску.

“Конкурс дастаткова складаны. Таму раю ўдзельнікам перад праходжаннем тэсту трошкі пачытаць пра паўстанне, аднавіць веды, каб падвысіць свой вынік”, – кажа Юрась Губарэвіч, выканаўчы сакратар аргкамітэту па адзначэнні Году Каліноўскага, першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду”.

“Разлічваем, што перадусім удзел у конкурсе возьме моладзь, якая актыўная ў інтэрнэце і цікавіцца гісторыяй Беларусі”, – адзначыў Губарэвіч.

pyx.by