Калі б я была прэзідэнтам краіны, я б кожную раніцу ды вечар замест гімну круціла па радыё “S°unduk”. Людзі тады б зрабіліся дабрэйшымі. (с) Алеся, 11 гадоў
Ганна Хітрык спявала то спакойныя кранальныя песні, ад якіх па целе ішлі дрыжыкі, то весела скакала ды танчыла — і была шчырай. Ганна не хлусіла. Ад яе, запыханай ды расчырванелай, ва ўсе бакі разыходзілася энергія і натхненне. І гледачы адчувалі гэта, усміхаліся, падпявалі ды пляскалі стоячы.
Калі зала Гарадзенскага лялечнага тэатра запоўнілася гасцямі розных узростаў, трэці званочак прагучаў, а святло прыглушылася, на сцэну вышлі музыкі. Апошняй выбегла Ганна Хітрык. Джынсы, жоўтыя кеды ды рыжыя косы, што тырчалі ва ўсе бакі, праз якія спявачка нагадвала ці то сонейка, ці то чарцяня.
“Добры вечар”, — павіталіся музыкі і адразу зайгралі “Прывітанне, зіма”. Атрымалася дарэчы: Гародню яшчэ з раніцы заваліла снегам. “Вось Хітрык абяцала, што прывязе вясну, дык і не хлусіла! Мы вееезлі! Зараз заспяваем найлепшыя песні — і прыйдзе вясна!” — засмяялася спявачка.
У першай частцы канцэрту “S°unduk” гралі рускамоўныя песні, пасля антракту — пераважна беларускамоўныя. І кожная кампазіцыя была невялічкім прадстаўленнем: Ганна апранала то касцюм вусеня, то крылы мухі. На песні пра матылька спявачка саскочыла ў залу, падбегла да мужчыны, паднесла да яго мікрафон ды паперку з тэкстам, і дзядзечка быў вымушаны спяваць некалькі радкоў. Ганна трымала ўвагу жартамі ды шчырасцю. Канцэрт ператвараўся ў спектакль. А пасля песня “Давай”, адна з самых кранальных, — і сцэна запоўнілася дымам з прыемным пахам вафляў “Віцьба”.
Хутка аб’явілі антракт, падчас якога гарадзенцы скупілі амаль усе дыскі “S°unduk”. Калі пасля перапынку людзі вярнуліся на свае месцы, пачалася беларускамоўная частка канцэрту. Песні “Вясна”, “Горад шэрага колеру”, “Чаму” зноў змянялі настрой слухачоў.
Апошняя песня “Там-там” узрушыла людзей, яны падняліся з крэслаў, пачалі пляскаць, раскачваючыся ў такт. На біс музыкі выканалі “Шчасце”, пакінуўшы надзею на нябёсы, сонца і зоркі.
Пасля канцэрту да Ганны выстраілася чарга прыхільнікаў па аўтографы. Дзеці ўсміхаліся і радаваліся, што ў іх атрымалася дакрануцца да гэтай незвычайнай жанчыны. Дзяўчаты спявалі разам з Ганнай “сундукоўскія” песні. Стомленая, але шчаслівая, Хітрык фоткалася з прыхільнікамі ды падпісвала дыскі. Мне пашчасціла злавіць спявачку на падыходзе да грымёркі. Пытанняў было шмат, але стомлены твар артысткі прымусіў мяне быць кароткай.
— У “S°unduk” пачынаецца вясновы тур. Ці не псуе надзвычай халоднае надвор’е настрой? Ці залежыць натхненне ад надвор’я?
— Канечне, залежыць. З раніцы прачынаешся — і адразу хочацца легчы спаць. Але ж я еду на КАНЦЭРТ, а гэта — зусім іншыя эмоцыі. Адразу ўнутры ўсё ўздымаецца… як птушка. І я ўжо не думаю ні пра якое надвор’е. Але ж турбуюся троху, як там народ дабярэцца.
— Як паведамляе афіша, сярод беларускіх абласных гарадоў канцэрт адбудзецца толькі ў Гародні. Чаму так?
— У Віцебск хутчэй за ўсё таксама паедзем. Мы трымаем там сувязь з “Чардачком”. Проста цяпер у тэатры мы пераехалі у новы будынак, і нам усё ніяк не зробяць новы расклад. Таму мы нават не ведаем, калі будзем вольнымі.
— Я думала, ты скажаш: гэта таму, што Гародня — самы-самы цудоўны беларускі горад!
— Такога я не скажу (усміхаецца). Але магу адзначыць, што калі мы ехалі сюды (а мы былі тут раней з гуртом “Детидетей”), Ягор і Надзя (яны з намі ў мінулы раз не былі) пачалі пытацца, як у Гародні выступаць. Я сказала, што яны нават не ўяўляюць, што было тут на мінулым канцэрце. Я не хачу казаць зацяганыя словы кшталту “Тут найлепшы глядач”, — але тут сапраўды выдатныя гледачы! Тое, як яны слухаюць, тое, як падтанцоўваюць, — гэта, безумоўна, кранае. І сёння тут было не горш, чым у мінулы раз. Можа, нават лепш. Таму што цяпер я жыву “S°undukом”, і гарадзенцы прынялі “S°unduk”. Прыемна, калі адбываецца тое, чаго не чакаеш. А яшчэ лепш, калі ты спадзяешся, што ў гэты момант нешта адбудзецца — і яно адбываецца!
Алена Вольная
Фота — Яўген Кандратовіч