Дзявяты раз прайшоў фестываль беларускай музыкі “Амбасовішча”, які штогод ладзіць амбасада ЗША ў Беларусі.
Фестываль “Амбасовішча” задумваўся як традыцыйнае мерапрыемства, на якім збіраюцца найлепшыя беларускія музыкі, пісьменнікі, прадзюсары, фатографы ды іншыя дзеячы мастацтва. Упершыню мерапрыемства прайшло дзевяць гадоў таму, і мэтай яго было падтрымаць галоўным чынам тых музыкаў, чыя творчасць падпала пад негалосную забарону. Але не забываліся і на іншых. Добрай завядзёнкай стала запрашэнне штогод гуртоў з розных рэгіёнаў краіны. На першых “Амбасовішчах” нават ладзіўся конкурс, а пераможцы атрымлівалі каштоўныя прызы. Але ад яго вырашана было адмовіцца і даць сцэну найлепшым айчынным музыкам.
Традыцыйна фэст адкрывае кіраўнік амерыканскай дыпмісіі ў нашай краіне. Раней гэта былі амбасадары, а пасля дыпламатычнага канфлікту пяцігадовай даўніны – часова павераныя. Сёлета ўпершыню гаспадаром “Амбасовішча” выступіў Ітан Голдрыч, які прыехаў працаваць у Беларусь летась. Як і кожны яго папярэднік, амерыканскі дыпламат звярнуўся да публікі на беларускай мове. Ён выказаў усцешанасць з нагоды таго, што частка беларускіх музыкаў атрымала палёгку і цяпер мае магчымасць легальна даваць канцэрты. “Але застаюцца іншыя выканаўцы, пісьменнікі, журналісты, фатографы, якія па-ранейшаму знаходзяцца пад забаронай. Якраз ім і прысвечаны сёлетні фестываль”, – заўважыў дыпламат.
Адкрыў фестываль Аляксандр Памідораў, які закрываў леташняе “Амбасовішча”. Частка музыкаў выступала ў акустычным фармаце ці прынамсі без бубнаў. Такім чынам, на наладку часу трэба было зусім мала. Кожны імкнуўся паказаць нешта новае ці рарытэтнае. Лявон Вольскі разам з Паўлам Аракелянам, напрыклад, пачалі з песні на верш Анатоля Сыса “Хто натхніць мяне на смерць”. А госці з Оршы “Пані Хіда” прыгадалі парачку сваіх даўніх хітоў. Гэты гурт арганізатары “Амбасовішча” шукалі некалькі гадоў, і вось урэшце атрымалася іх запрасіць.
Наогул музычны складнік фэсту імкнуліся зрабіць як мага больш разнастайным. На адной сцэне з рок-выканаўцамі выступіла Патрыцыя Курганава. Яе асабліва вылучыў Ітан Голдрыч, які зазначыў, што яна – “яскравы прыклад таго, на што здольныя беларусы”. 23-гадовая Патрыцыя невідушчая ад нараджэння, але мае сапраўдны вакальны дар. Яна выступала на тэрыторыі амерыканскай амбасады не першы раз, менавіта ёй даручылі выканаць амерыканскі гімн падчас святкавання тут Дня незалежнасці ЗША. На сцэну “Амбасовішча” яна выйшла напярэдадні паездкі ў Маскву – Аляксандр Градскі выбраў спявачку з Беларусі для ўдзелу ў шоу “Голос”.
Яшчэ адзін з сюрпрызаў сёлетняга “Амбасовішча” – выступ гурта Carter Brothers, што прыехаў дзеля выступу з Гудлетсвіля, штат Тэнэсі. Іх прадставілі вельмі гучна – маўляў, гурт здзейсніў прарыў і стварыў свой уласны музычны жанр. Насамрэч амерыканцы граюць непрэтэнцыёзны блюз-рок з элементамі народнай музыкі. Гадаваліся яны на музыцы Тома Пэці, Led Zeppellin ды іншых класікаў жанру.
Зміцер Вайцюшкевіч віншаваў са сцэны прысутных на “Амбасовішчы” шаноўных гасцей – Уладзіміра Арлова з 60-годдзем, Генадзя Бураўкіна – з 77-годдзем, а песню сваю прысвяціў маці Генадзя Бураўкіна, якая нядаўна справіла 100-годдзе. Шыкоўна закрыў сёлетні фэст выступ гурта “Рэха”. “Кожны раз кажу – сябры, пабачымся праз год. І яшчэ ніводнага разу не памыліўся. Спадзяюся, што і не памылюся ніколі”, – заявіў пры канцы мерапрыемства вядоўца Алесь Круглякоў. Свята творчай свабоды абавязкова мусіць працягвацца.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч