Зорка ўкраінскай літаратуры, паэт і празаік Сяргій Жадан прэзентаваў у кнігарні “логвінаЎ” беларускамоўную версію сваёй кнігі “Anarchy in the UKR”. На сустрэчы з пісьменнікам выступілі таксама некаторыя з яго шматлікіх беларускіх перакладчыкаў.
Месцаў у самой кнігарні “ЛогвінаЎ” для ўсіх ахвочых не хапіла, таму выступоўцы размясціліся на ганку крамы, а гледачы – на пляцоўцы паміж будынкам галерэі “Ў” і гаражамі. Перад пачаткам сустрэчы, арт-дырэктар кнігарні Павал Касцюкевіч заклікаў усіх станавіцца бліжэй да ганку, бо “ДАІ ўжо папярэджвала”. Ён жа паведаміў, што “Жадан – самы перакладаны на беларускую мову ўкраінскі пісьменнік пасля Тараса Шаўчэнкі” і прадэманстраваў яго “зорку” на “Пачатку кніжных дарог Беларусі”: “Да Луганску 1329 кіламетраў”, – напісана там.
– Сяргій Жадан – абсалютна адэкватны пісьменнік, – прадставіў слухачам украінскага пісьменніка паэт Андрэй Хадановіч.
– Добра, што ты мне ставіш дыягназ, – заўважыў на гэта сам Жадан. І адразу ж зрабіў камплімент прысутным: – Я вельмі люблю Беларусь і Мінск.
Аказалася, што кніга, перакладзеная на беларускую мову Алегам Жлуткам, – першая кніга Жадана па-беларуску: публікацый было шмат, але ніхто не спяшаўся сабраць іх пад адной вокладкай. Спадар Жлутка расказаў, што кнігу ён пераклаў ледзь не выпадкова: у горадзе Роўна перад канцэртам ён зайшоў у кнігарню і набыў “Anarchy in the UKR”. Кніга яго так захапіла, што ён з’ехаў на некалькі тыдняў на вёску і перакладаў яе там “без усялякіх тэхнічных сродкаў”, пішучы на паперы.
Пераклад быў скончаны яшчэ ў 2008 годзе, але толькі цяпер пабачыў свет. Рэдактарам тэксту была Ганна Кісялёва, таксама перакладчыку ў працы над рукапісам і яго выданнем дапамаглі Андрэй Хадановіч і Віктар Корзун. Перакладчык пасля невялікай прамовы прачытаў адзін з “40 тэкстаў з 4-х раздзелаў” кнігі.
Чытаў урыўкі з кнігі і сам Жадан, які некалькі разоў паўтараў, што кніга “вельмі эклектычная”, і кожны з яе фрагментаў мае ўласную стылістыку.
Далей усё адбывалася паводле накатанай схемы літаратурнага вечара, дзе рэй вядзе Андрэй Хадановіч. Старшыня Пэн-Цэнтра і Сяргій Жадан па чарзе чыталі вершы. Украінец – свежыя, збольшага яшчэ не перакладзеныя на беларускую, а сп. Хадановіч – пераклады на беларускую больш старых вершаў. Раз-пораз на ганак выклікалі маладых перакладчыкаў: Антон Рудак, Андрэй Вылінскі, Марыя Пушкіна прачыталі тэксты ўкраінскага паэта ў сваіх перакладах.
Скончыўся вечар масавым продажам свежанадрукаваных кніжак, якія Сяргій Жадан цярпліва падпісваў. Праўда, як стала нам вядома, ва ўкраінца не атрымалася перакрыць не толькі рэкорд па продажах у кнігарні, які ўсталяваў Лявон Вольскі (79 кніг за прэзентацыю), але і заняць другое месца (Віталь Рыжкоў – 48 кніг за прэзентацыю). Кніжак сп. Жадана разышлося каля трыццаці, у кожнага, хто лічыць, што гэта мала яшчэ ёсць шанец выправіць сітуацыю і завітаць сёння ў кнігарню “логвінаЎ” а пятай, дзе Сяргій Жадан будзе раздаваць інтэрв’ю і проста камунікаваць з фанатамі.
Андрэй Адамовіч, фота Зарына Кандрацьева.