23 траўня ветэраны gothic metal Tiamat упершыню за сваю доўгую гісторыю выступілі ў Мінску. На гэткую ўнікальную падзею з’ехаліся людзі з усёй Беларусі – арганізатары нават зрабілі зніжку для іншагародніх.
Гэтым спякотным і душным вечарам Re:Public сабраў нямала сапраўдных аматараў Tiamat, якія гадамі чакалі прыезду сваіх куміраў у Беларусь. У зале, акрамя тыпова пафасных фанатаў gothic metal, можна было пабачыць і жанчын сярэдніх гадоў, нібыта ўцеклых з аддзела кадраў найбліжэйшай дзяржаўнай установы, і сівых нецвярозых мужчын, якіх чакаеш сустрэць на канцэрце якога-небудзь “Любэ”, але ніяк не на Tiamat. Увесь гэты стракаты натоўп відавочна ведаў, куды і навошта прыйшоў, бо першая ж песня выклікала гучны рытмічны пляск у далоні. Але сапраўдны ўзровень падрыхтоўкі слухачоў стаў бачны песні гэтак на трэцяй, калі ў вакаліста зламаўся мікрафон, і зала даспявала песню за яго. На шчасце, тэхніку хутка наладзілі, і больш такія казусы не здараліся. Канешне, гук у выніку атрымаўся далёка не ідэальны, але сваю галоўную задачу выконваў – заварожваў магічнымі клавішнымі партыямі і часамі ўводзіў у змрочны паўтранс. Разбаўляў гэтую меланхолію гіперактыўны басіст – перад выступам на біс ён нават кульнуў чарку са словамі: “За вас, people!”
У цэлым, мы пачулі і пабачылі ўсё тое, што хацелі ад Tiamat усе гэтыя гады. Канцэрт адназначна ўдаўся і стаў годным завяршэннем таго душнага вечару.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч