Брытанскія фрыкі прыехалі ў Мінск, каб паспяваць свае правакацыйныя песенькі і паказаць брутальнае шоу. Марцін Жак спяваў пра непрыстойнасці, Андрыян Стаўт у масцы смерці вадзіў смычком па піле, а бубнач Эдрыян Х’юдж дзяўбаў па сваім інструменце лялькай.
Выхад Tiger Lillies абвесціў кіраўнік агенцтва Bo Promo Аляксандр Багданаў, які рэалізаваў сваю даўнюю мару і прывёз знакамітых брытанскіх фрыкаў у Мінск. Прадусар назваў гэты дзень знамянальным і паспачуваў тым, хто не здолеў трапіць на гэты канцэрт. Сапраўды, “Рэактар” быў напоўнены па максімуме, і шмат каму з ахвочых пабачыць на ўласныя вочы “тыгровыя ліліі” проста не хапіла квіткоў.
Планавалася, што перад Tiger Lillies выступяць іх беларускія пабрацімы — гурт “Серебряная свадьба”, але музыкі пакуль згарнулі канцэртную дзейнасць, бо вакалістка Бенька пайшла ў дэкрэт. На просьбу брытанцаў была зробленая вялізарная чорная фіранка ў якасці задніка, а на сцэну вынеслі фартэпіяна (музыкі прасілі вялікі раяль, але яго не атрымалася пранесці праз вузкія дзверы клуба).
Яны з’явіліся без вітанняў і адразу ўзяліся наводзіць вусціш на публіку. Вакаліст Марцін Жак, размаляваны, як пацяганы жыццём блазан, цягнуў самыя высокія ноты, расцягваючы пры гэтым як мага шырэй мяхі акардэона. Але тое былі зусім не оперныя арыі, а песенькі пра бруд, сэкс, гвалт ды ўсялякія непрыстойнасці. Кантрабасіст Андрыян Стаўт на адной з песняў надзеў маску смерці, а ў пэўную хвіліну з нязмушаным выглядам адкінуў свой інструмент, узяў у руку пілу і пачаў вадзіць па ёй смычком, каб выдаць гукі, якія ледзяняць душу. Бубнач Эдрыян Х’юдж не адставаў ад сваіх калегаў па гэтым музычным тэатры абсурду: на адной з песняў ён дастаў ляльку, якую спачатку песціў, а потым раптам пачаў дзяўбаць ёй па сваіх бубнах. Пры канцы першага аддзялення музыка вырашае ўшчэнт разбіць сваю ўстаноўку малаткамі.
Слухачы дзівіліся гэтаму вар’яцкаму шоу. Было бачна, што тэкстаў людзі не ведаюць, але вельмі хочуць падтрымаць музыкаў хто як можа, таму проста расцягвалі галосныя літары ўслед за Марцінам Жакам. Tiger Lillies на знак падзякі сыгралі польку. Эмоцыі перапаўнялі ўсіх настолькі, што праз паўгадзіны пасля пачатку канцэрту ў бары скончыліся ўсе алкагольныя напоі.
Пры канцы канцэрту яго арганізатары разам з музыкамі вырашылі пацешыць публіку аўкцыёнам. З малатка ішло старэнькае піяніна з аўтографамі Tiger Lillies, тое самае, якое стаяла пасярод сцэны. Першапачатковы яго кошт быў 100 даляраў, у выніку прадалі за 950 “мужчыну ў клятчастай кашульцы”. Пасля гэтага брытанцы выйшлі на біс, а па сканчэнні выступу не пайшлі ў грымёрку, а спусціліся ў залу, дзе яшчэ з гадзіну раздавалі аўтографы.