Ці праўда, што «Культура паляпшае жыццё»? Абмеркаваць і падыскутаваць на гэтую тэму сабралася пачэсная грамада ў Гародні 28 лістапада 2012 года. Развагай пра культуру і яе ролю ў жыцці гораду і мяшканцаў сустракаў гасцей вядоўца вечару Аляксандр Енджэеўскі. А гасцямі былі вядомыя гарадзенскія музыкі і грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнес-структур і рэлігійных аб’яднанняў, супрацоўнікі радыё, тэлебачання і палацаў культуры.
Вечар адкрыў малады музычны праект “Людзі на Балоце”, які не так даўно выпусціў альбом і актыўна прэзентуе яго ў Беларусі і па-за яе межамі. Ад імя арганізатара сустрэчы – міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» – прысутных павітала старшыня рады, Ніна Шыдлоўская. Яна падкрэсліла, што аб’яднанне актыўна працуе на папулярызацыю беларускай культуры як моднай і перспектыўнай у сучасным свеце, каб жыхары Беларусі, яднаючыся на глебе павагі да гісторыі і культуры, пачувалі сябе часткаю адзінай беларускай нацыі незалежна.ад месца пражывання.
Далей выказацца пра культуру, якая як з’ява “часта выпадае з топавых навін, але робіць значны ўнёсак у якасць штодзённага жыцця”, мелі псіхолаг Ігар Папеня, Барыс Квяткоўскі – гісторык, старшыня яўрэйскай рэлігійнай абшчыны, Валер Ляховіч – выкладчык ГрДУ, Слава Лукашэвіч – прадзюсар, музыка, кіраўнік тэлепраекта «Знай наших» (лакальны аналаг “Фабрыкі зорак”) на тэлеканале “Гродно+”.
Дыягназ стану беларускага грамадства паставіў псіхатэрапеўт Ігар Папеня, выказаўшыся пра суадносіны здароўя людзей і культуры і слушна зазначыўшы, што кожны з нас з’яўляецца не толькі носьбітам, але і стваральнікамі культуры адначасова. На думку доктара, “наўрад ці ёсць метады ўздзейнічаць на безкультур’е астатніх, але пачынаць заўжды трэба з сябе”, і толькі тады можна пераадолець дамінуючую ў грамадстве апатыю, ну а дактары са свайго боку маглі б дапамагчы справе, часцей накіроўваючы пацыентаў не толькі на працэдуры, але і, скажам, у тэатр ці галерэю. Для прафілактыкі захвораванняў душы.
Старшыня яўрэйскай рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі ўзгадаў прыказку “У чужую парафію са сваім звычаем не прыходзь”, падкрэсліўшы, што захаванне сваёй культуры заўжды пачынаецца з павагі да культуры іншых. Лейтматывам любой дзейнасці ў культурніцкай сферы мусяць стаць словы Барыса Максавіча: “гаворачы пра культуру, найперш трэба казаць пра маральнасць”, бо менавіта ў сферы культуры найперш прыдатнае залатое правіла “не рабі іншаму, што не хочаш, каб было зроблена табе”. Пасля абмеркавання праблемаў яўрэйскай культурнай спадчыны была закранутая і тэма магчымага правядзення канцэртаў у мясцовай сінагозе. Гэтую тэму з цікавасцю падтрымаў Сяргей Фінскі, арганізатар канцэртаў у Гародні.
Відэа-апытанка прадэманстравала думкі жыхароў Гародні пра стан культуры ў родным горадзе:
Тое, як ініцыятыўнасць можа прыносіць не толькі клопат, але і асалоду, патлумачыў Валер Ляховіч на прыкладзе ўніверсітэцкага конкурсу, які быў ініцыяваны самімі студэнтамі. На жаль, агмень творчасці часта затухае, калі падобныя ініцыятывы ператвараюцца ў абавязалаўку. Як рабіць так, каб абавязковыя мерапрыемствы засталіся захапляльнымі? Пра гэта, а таксама пра неабходнасць падобных абмеркаванняў на культурніцкую тэматыку ў студэнцкіх асяродках разважаў сп. Валер. Далей карціна была дапоўненая прыкладамі Славы Лукашэвіча пра эстрадную канкурэнцыю і сталічных і рэгіянальных выканаўцаў, а таксама абмеркаваннем будняў і цяжкасцяў культмасавых і гістарычных праектаў.
Асаблівым момантам “сацыяльнай рэкламы” вечару стала прадстаўленне інфармацыйна-асветніцкай кампаніі «Дом без гвалту», што рэалізуецца пад кіраўніцтвам беларускай місіі ААН. Днямі ініцыятыву падтрымалі БАТЭ, Белавія, партал TUT.BY, Камсамольская праўда, і вось цяпер, з ініцыятывы прадстаўнікоў кампаніі “Будзьма беларусамі!”, што прыстунічалі на дыскусіі, важная сацыяльная кампанія была прадстаўленая грамадскаму актыву Гародні.
Развагі на агульныя праблемныя культурніцкія тэмы важныя. Аднак яны мусяць мець і практычны вынік. Таму з боку арганізатараў сустрэчы прагучала прапанова аб правядзенні бліжэйшым часам прэзентацыяў культурніцкіх праектаў ініцыятываў ці асобных актыўных людзей у Гародні з мэтай пошуку аднадумцаў і іх практычнай рэалізацыі. Пра фармат гэтага мерапрыемства чытайце на сайце бліжэйшым часам.
фота – Аляксандр Ждановіч