У інтэрнэце з’явіўся першы трэйлер да 8-серыйнага фільма “Вышэй за неба”, знятага па сцэнары Андрэя Курэйчыка рэжысёрам Дзмітрыем Марыніным. Гэта першы “вялікі фільм”, што паказвае жыццё сучаснай беларускай моладзі.
У фільме расказваецца гісторыя жыцця і кахання мінскага студэнта Мікіты Міцкевіча (Леанід Пашкоўскі, больш вядомы як сурэдактар 34mag.net). Пераказы сцэнару даволі сціслыя: галоўны герой — малады чалавек, якому каля дваццаці, ён студэнт, музыка і кампазітар, грае ў модным гурце. Змагаецца за лідарства ў гурце з вакалістам Стасікам, які адчуў сябе “зоркаю”. Але аднойчы з ім здараецца, як напісана ў даведачных матэрыялах, “падзея, якая пераварочвае ўсё яго жыццё”. Што называецца, хто б мог чакаць?
З трэйлеру ясна, што гэта не перамога ў адборачным туры “Еўрабачання” — гэта нешта, што пачынаецца з кахання, якое напаткала Мікіту ў Крыме ў выглядзе дзяўчыны Юлі (Вераніка Барцэвіч). Цяжка сказаць, ці то сцэнарыст пралічыў эканамічны крызіс і тое, што ўсесаюзная здраўніца зноў зробіцца моднаю сярод небагатых студэнтаў, ці то вырашыў панастальгаваць па маладосці і заадно наведаць мора, на беразе якога так прыемна здымаць.
Як бы там ні было, плануецца, што серыял будзе дэманстравацца па тэлебачанні. І гэта значыць, што мы ўбачым там не толькі аголены азадак галоўнага героя (эротыка ў трэйлеры ад 1:45), але і вядомага рэпера Vincent’а (калі не выражуць). Нагадаем, што спявак задзейнічаны ў галоўнай ролі фільма “Мірон…” (гісторыі пра беларускую рэвалюцыйную моладзь), які здымаецца ў Польшчы.У фільме таксама з’явяцца ўжо прызнаныя акторы і дзеячы мастацтва Вольга Няфёдава і Юрый Жыгамонт, зоркі спорту Аляксандра Герасіменя і Сяргей Штанюк, зоркі беларускай музыкі Аляксандр Кулінковіч, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка, пісьменнікі Андрэй Хадановіч, Тамара Лісіцкая, Алесь Пашкевіч, скульптар Алесь Шатэрнік.
Героі серыяла будуць размаўляць і па-беларуску, і па-расійску. Згодна з аўтарамі, такі прыём «упершыню выкарыстаны» ў серыяле, каб наблізіць фільм да айчынных рэалій.
Пакуль невядома, наколькі ўдалым будзе серыял і наколькі рэалістычна будзе паказана ў ім жыццё беларускай моладзі, але ўжо цяпер бачна, што ён выкліча вялікую цікавасць сярод мэтавай аўдыторыі (толькі на “народны” кастынг прыйшло больш за 1500 чалавек), а таксама што беларускія спецыялісты могуць рабіць “прыгламураную” карцінку не горш, чым маскоўскія калегі. Для больш глыбокіх высноваў варта дачакацца хаця б першай серыі, якую нам пакажуць 14 лютага 2012.
Фільм быў зняты Праграмай развіцца ААН у супрацы з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на сродкі гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй.