“Так, ва ўсіх восень, а ў нас зімачка!” – так скончыла тэлефонную размову адміністратарка Берасцейскага культурнага цэнтра і гасцінна запрасіла музыкаў у грымёрку. “Нарэшце! – працягвала яна. – Нарэшце вы да нас даехалі. Мы ўжо так знудзіліся па чымсьці сапраўдным!”

Так пачынаўся берасцейскі канцэрт этна-трыа “Троіца”, зладжаны “ПАН-студыяй” пры падтрымцы культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у межах беларускага туру-прэзентацыі іх апошняга альбома “Зімачка”.

Кароткая фактаграфія: поўная зала, шчыры добразычлівы глядач (як зазвычай у “Троіцы” – ад немаўлятаў да “аксакалаў”), два выхады “на біс”, вельмі цёплы і бездакорна арганізаваны прыём мясцовых арганізатараў. Што яшчэ?.. Цудоўная сонечная восень пад “зімачку” – мо Кірчук “нашаманіў”?!

Па канцэрце ў холе адбылася традыцыйная аўтограф-сесія. Да Івана Іванавіча “на подпіс” сабралося пад дзве сотні аматараў. Зразумела ж, што не ўсе здолелі набыць альбом ці кніжку, і тут так дарэчы былі паштоўкі “Мы адметныя”, што проста разляцеліся па руках перад канцэртам! І было штосьці насамрэч адметнае і сімвалічнае ў тым, што спадар Кірчук ставіць сваю “візу” на сведчаннях нашае адметнасці.

Ужо на вуліцы, пасля канцэрту, давялося падслухаць урывак “мабільнай”размовы: “Так, на жаль, ужо. Ну, як сказаць… не з майго лексікону, але дакладней не ведаю – адухоўлена!” Тур не скончаны, а значыць, працяг будзе (ва ўсіх сэнсах!).

Тэгі: Берасце