«Тузін. Unplugged» пераносіцца на 7 лютага

27.01.2012 Музыка

З тэхнічных прычынаў, канцэрт у межах праекту «Тузін. Unplugged», заплянаваны на 30 студзеня, пераносіцца на 7 лютага. У гэты дзень з сваімі акустычнымі сэтамі ў клюбе «Графіці» выступяць гурты J:Морс і BosaeSonca, а таксама сьпявачка Паліна Рэспубліка, прызнаная парталам Tuzin.FM галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы ў 2011 годзе. Арганізатары перапрашаюць за нязручнасьці. Набытыя квіткі на 30 студзеня будуць дзейснымі 7 лютага.

Гурт BosaeSonca проста феерычна нагадаў пра сябе на пачатку гэтай зімы праз досыць працяглую паўзу ў чатыры гады. Іх новая кампазіцыя «Зіма» апынулася ў лідэрах чарту, прапусьціўшы наперад толькі песьні «Воплей Відоплясова» і «Ляпіса Трубяцкога». А па выніках сьнежня гэтая кампазіцыя стала яшчэ і самай запатрабаванай песьняй месяца на Tuzin.FM.  Цікава, што да арыгінальнага складу гурта дзеля гэтага выступу далучыцца новыя музыкі: «Мы паставіліся неабыякава да гэтай прапановы, таму вырашылі падрыхтаваць незвычайную праграму пры ўдзеле струннага трыё», – кажа лідэр каманды Алесь Кот-Зайцаў.

Гурт J:Морс для выступу на «Тузін. Unplugged» рыхтуе адмысловую акустычную праграму. «Пры складаньні трэк-ліста мы абавязкова ўлічам тое, што будзем граць у надзвычай інтымнай атмасфэры, калі няма ніякай мяжы паміж публікай і артыстам, – кажа лідэр каманды Ўладзімер Пугач. – Гэта вельмі адказна і няпроста выступаць на такой блізкай адлегласьці, таму наш канцэрт будзе нагадваць у нечым сьпевы ля вогнішча». Пры гэтым, музыка заўважае, што наўмысна пакідае момант імправізацыі: трэк-ліст на гэты вечар будзе складзены прыблізны і можа зьмяняцца ў залежнасьці ад рэакцыі слухачоў.

Да ўсяго, спэцыяльным госьцем вечарыны будзе Паліна Рэспубліка, прызнаная парталам Tuzin.FM галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы ў 2011 годзе. 17-гадовая сьпявачка сыграе некалькі песень, якія палюбіліся ўжо яе прыхільнікам.

Падчас выступаў гледачы змогуць задаць пытаньні музыкам. Весьці імпрэзу «Тузін. Unplugged» па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Да ўсяго, наведнікі канцэрту маюць шанец атрымаць прызы ад сталага партнэра «Тузіна Гітоў» – кампаніі «Будзьма беларусамі».

 

Канцэрт пачнецца ў 19:00 7 лютага (аўторак) у менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16).

Кошт квітка — 100 000 руб. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 18:00 да 22:00 штодня, акром суботы і нядзелі. 

Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353.