“Шыкоўны дэсант з Берасцейшчыны”, — так прадставіў удзельнікаў сёмага па ліку канцэрту “Жывы Тузін” нязменны вядоўца імпрэзы Алег Хаменка. Увечары 23 кастрычніка ў клубе “Графіці” свае акустычныя сэты прадстаўлялі гурт “Спрат” з Брэста і :B:N: з Бярозы. Прычым абедзве каманды выступалі на гэтай пляцоўцы ўпершыню.
Нязменны вядоўца Алег Хаменка
Вецер Механічны
«Спрат»
Паводле задумы арганізатараў, у межах праекту “Tузін.Unplugged”, альбо “Жывы Тузін”, паказваюцца самыя цікавыя і таленавітыя беларускія каманды ў нязвыклым для сябе фармаце. “Акустыка — самы цёплы фармат, калі музыкі могуць паказаць сябе і сваю творчасць з іншага бокуда таго ж тут з’яўляецца вялікі момант імправізацыі”, — сказаў у пачатку канцэрту Алег Хаменка і запрасіў на сцэну першых гасцей — гурт “Спрат”.
Берасцейскі гурт выйшаў на сцэну ўтрох, але інструментаў падчас сэта скарыстаў нашмат болей. Гітарыст часам браў у рукі скрыпку, а бубнач — гармонік. Пачалі з песні “На мяжы”. Публіка сустрэла музыкаў вельмі прыязна і падтрымлівала апладысментамі падчас выканання кожнай песні. Вакаліст Зміцер Сянько вельмі расчуліўся ад такога прыёму. З 40-хвіліннага сэта асабліва ўдалымі атрымаліся песні “Казачныя сны”, “Беларускае сэрца” на словы Ларысы Геніюш і кавер на Neuro Dubel “2 у.е”, якую музыкі прадставілі як “вельмі актуальны на сёння твор”. Лідар “Спрату” прызнаўся, што сам для сябе адкрыў новы фармат — акустыку. У арыгінале гурт гучыць нашмат больш жорстка.
:B:N:
Неад’емная частка “Жывога Тузіна” — фірмовыя пытанні ад Алега Хаменкі ў перапынку між выступамі гуртоў. Гэтым разам вядоўца абяцаў падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” таму, хто слушна адкажа на тры пытанні. Аўдыторыя была добра абазнаная ў музычных і гістарычных пытаннях. Без праблем, напрыклад, адказалі, што на старабеларускай мове азначае слова “спрат” (схрон, скарб) і хто зруйнаваў родны горад гурта :B:N: у даўнія часы. Адказ — Сувораў.
:B:N: выйшлі на сцэну ўдвух. Праграму з найлепшых і новых песняў у акустычным варыянце яны распісалі на дзве гітары і трымалі ўвагу слухачоў з гадзіну. Часам Алесю Лютычу і не трэба было спяваць — за яго гэта рабілі прыхільнікі, як у песні “Трываю”, “Спіралі” і, канечне, “Жыве рок-н-рол”, сыграным у досыць нечаканай інтэрпрэтацыі. На адным з галоўных хітоў “Дажджы” Алесь заспяваў дуэтам з дзяўчынай, якую пяшчотна прадставіў Ірыначкай.
Публіка прагнула слухаць :B:N: і падпяваць, таму на заклік Алега Хаменкі задаваць музыкам пытанні адрэагавала млява. “Каго яшчэ, акрамя Суворава, ты не любіш?” — гучала адно з нешматлікіх пытанняў да Алеся. Той вырашыў адказаць словамі Цоя: “Я не люблю, когда мне врут…”
Незадаволеных у гэты вечар у клубе “Графіці” не назіралася. Гледачы дзякавалі музыкам за выдатны канцэрт, а музыкі гледачам — за неймаверную падтрымку і выдатную атмасферу, што пануе на канцэртах з серыі “Жывы Тузін”.
На наступным канцэрце з серыі “Жывы Тузін” 13 лістапада выступіць гурт Da!Бл… і Neuro Dubel, які сыграе першы акустычны канцэрт у сваёй гісторыі.