30 верасня сталічны клуб Re:Public прымаў сапраўднага “бацьку” класічнага хэві-метала — спадара Уда Дыршнайдэра і яго калектыў U.D.O. Гер Дыршнайдэр знакаміты ў першую чаргу сваім удзелам у легендарным нямецкім гурце Accept, і зразумела, што публіка значна ахвотней б пайшла менавіта на яго, а не на U.D.O., але асаблівага выбару, зразумела, не было.
Увогуле, U.D.O. стабільна прыязджаюць у Мінск пасля выхаду кожнага новага альбома, і гэты раз не стаў выключэннем. Прывезлі Steelhammer 2013 года выпуску. Зразумела, што сэт-ліст у асноўным з песняў новага дыска і складаўся — на шчасце, альбом выйшаў неблагім, і смутак ад адсутнасці ў праграме большасці старых хітоў быў не такім вялікім.
Пакуль ужо немалады, але ўсё такі ж пранізліва-крыклівы і акруглы Уда важна хадзіў па сцэне і спяваў, яго музыканты адрываліся як маглі. Больш за ўсё ўрэзаўся ў памяць клавішнік (што ён увогуле робіць у класічным хэві-метал гурце?), якому было яўна нявесела стаяць у самым дальнім кутку сцэны і які старанна скакаў, махаў рукамі (музычных партый жа ў яго амаль не было!) і паказваў грымасы. Не адставала і астатняя каманда, давала паўнацэннае “металёвае” шоу з абавязковымі спевамі залы, барабанным і гітарным сола, а таксама “спецэфектам” — ігрой дзвюма электрагітарамі па бас-гітары.
Двухгадзінная праграма праляцела вельмі хутка і, на жаль, нічым не адрознівалася ад праграм, сыграных у межах тура-2013 у другіх гарадах. Як публіка ні крычала, U.D.O. не выканалі ні Princess of the Dawn, ні другіх “аксэптаўскіх” хітоў, акрамя абавязковых Metal Heart і Balls to the Wall. Скончыўся канцэрт традыцыйнай Trainride to Russia, той самай, якая пра POEZD PO ROSSII, які IDET I IDET. Публіка, якая складалася ў асноўным з равеснікаў музыкаў, засталася задаволеная, але ўсе мы б вельмі хацелі пабачыць наступным разам не U.D.O. з чарговым альбомам, а яшчэ адно ўз’яднанне Accept з усімі класічнымі хітамі.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч