12 ліпеня ў вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна адзначылі свята Пятрок. Традыцыйна ў кожнай вёсцы быў гасцявы кірмаш на пэўнае свята народнага календара, калі жыхароў вёскі адведвала ўся радня. У Шыпілавічах быў кірмаш на праваслаўнае свята Пятра і Паўла.
У наш час Петрака ў Шыпілавічах адзначаюць наступным чынам: удзень праваслаўны бацюшка з Любані служыць малебен ля прыдарожнага крыжа (у Шыпілавічах няма царквы). Бліжэй да вечара дзяўчаты, апранутыя ў народныя строі, разыходзяцца па вуліцах вёскі з пятроўскімі песнямі, каб запрасіць на свята тых вяскоўцаў, якія яшчэ дома. Потым на лузе раскладаюць вогнішча, вакол яго дзяўчаты і жанчыны водзяць карагоды. Мужчыны ў карагодах не ўдзельнічаюць.
Дзяўчаты, якім час замуж, становяцца адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, абыходзяць іх “змейкай” з пятроўскай песняй. Абышоўшы дзяўчат, жанчыны застаюцца ля вогнішча, а дзяўчаты, у сваю чаргу, водзяць вакол іх карагод.
Стаўшы спіной да вогнішча, замужнія жанчыны па чарзе сыплюць у агонь соль, прыгаворваючы пажаданні на добры ўраджай.
Потым пачынаецца кумленне: дзяўчаты абіраюць хлапцоў, з якімі хочуць гуляць цэлы вечар, і аддаюць ім свой вянок. Потым пары скачуць праз вогнішча, узяўшыся за рукі. За пацалунак хлопцы аддаюць назад дзяўчатам вянкі са словамі: “Пакуміліся мы з табою, як рыбка з вадою, цяпер гуляць станем і да наступнага Пятра сварыцца не будзем”. Ці можна сказаць адно аднаму проста: “Ты кум, я кума”.
Фінал мерапрыемства — дэгустацыя зваранай на вогнішчы юшкі, бо, паводле легенды, Пётр быў рыбаком.
З 2011 года перад святам Пятра ў Шыпілавічах працуе школа традыцыйнага народнага танца “Пятровіца”. Сёлета ў ёй паўдзельнічалі студэнты з Беларусі, Літвы, Расіі. Выхаванцы школы штогод удзельнічаюць у святкаванні Петрака, дэманструючы набытыя веды: выконваюць танцы і песні Любаншчыны. Дзяўчаты абракаюцца на крыжы (іх у Шыпілавічах некалькі), ахвяруючы стужкі, паяскі, вяночкі. У вёсцы кажуць, што абракацца можна было ў любы дзень, але менавіта абраканне на Пятра стварае ўдзельніцам школы святочны настрой.
Вёску Шыпілавічы варта наведаць яшчэ і з той прычыны, што яна з’яўляецца радзімай Паўла Шпілеўскага, даследчыка этнаграфіі, фальклору і гісторыі Беларусі.
Тэкст: Сяргей Выскварка, Алена Ляшкевіч
Фота: Аляксей Сталяроў