Канцэрт з удзелам гуртоў Akute, Yellow Brick Road і «Петля Пристрастия» адбыўся 11 лютага ў клубе Re:publiс: мерапрыемства было перанесенае з 10 лютага на дзень, у які першапачаткова мела выступаць «Крамбамбуля».
Магчыма, чакалася, што перад клубам самаарганізуецца невялічкі мітынг, у працэсе якога абураныя дзеяннямі клуба прыхільнікі «Крамбамбулі» будуць здаваць квіткі непасрэдна арганізатарам (Уладзімір Шаблінскі, арганізатар «забароненага» мерапрыемства, абяцаў прысутнічаць на ўваходзе), але ўсё прайшло надзвычай кранальна: пакуль у клубе спяваў Дзіма Ску і паціху збіраўся натоўп, ля ўваходу сапраўды арганізавалася невялічкая купка людзей на чале з Лявонам Вольскім. Вольскі і Шаблінскі раздавалі ўсім, хто прыйшоў здаць квіток, падарункі — каляровыя плакаты-афішкі канцэрту і асобнікі кніжкі «Міларусь»
Дзесьці праз гадзіну Вольскі паехаў дадому, бо знаходзіцца ў 20-градусны мароз на вуліцы даволі складана, Шаблінскі ж дзяжурыў ля клуба яшчэ нейкі час, паведамляючы ўсім, хто падыходзіў, што не ўсе так дрэнна і што на канцэрт-прэзентацыю «Крамбамбулі» ў канцы сакавіка можна будзе зганяць у Вільню, атрымаўшы дзеля гэтага бясплатную шэнгенскую візу.
Ніякага негатыву да гуртоў, якія збіраліся выступаць фактычна замест «Крамбамбулі», ні Вольскі, ні Шаблінскі не агучвалі, нягледзячы на некалі распаўсюджаныя ў сеціве заклікі да ўсіх магчымых байкотаў. «Я лічу, што яны самі ведаюць, што робяць, – яшчэ раней каментаваў гэты канцэрт Вольскі. – Мы не лічым, што яны павінны былі нешта зрабіць ці адмовіцца выступаць, але дакладна ведаем, што калі яны раптам трапяць у падобную сітуацыю, мы зробім усё, каб іх падтрымаць і дапамагчы ім».
Усё адбывалася сумленна, і ніякага байкоту не было – клуб быў амаль поўны. Аднак прэсы на канцэрце было не вельмі шмат. Магчыма, большасць вырашыла не столькі праігнараваць мерапрыемства, колькі наведаць патаемны канцэрт «Нейра Дзюбеля» ў клубе «Салтайм».
Публіка, якая прыйшла «адрывацца» пад шэраг «модных хіпстарскіх гуртоў» (менавіта так ахарактарызаваў склад выступоўцаў адзін з гледачоў, аматар «Крамбамбулі», які вырашыў усё ж такі паглядзець, што адбываецца замест яе), – выключна моладзь. Яны нікога не байкатуюць і ўсім задаволеныя, гэта яскравы, удзячны і шчаслівы натоўп, які ў гэты вечар раптам атрымаў адзін з найлепшых канцэртаў сезону. Сапраўды, выступоўцы — фактычна адны з найлепшых у краіне гуртоў на сённяшні момант. Магчыма, наведнікам гэтага канцэрту не вельмі балюча ўсё, што адбываецца з беларускай рок-музыкай – а можа, справа і ў тым, што новая генерацыя беларускіх маладых меламанаў можа аднолькава сумленна і шчыра турбавацца лёсам канцэрту «Крамбамбулі», абураючыся дзейнасцю адэптаў “чорных спісаў”, у той жа час не адчуваючы неабходнасці ігнараваць іншы канцэрт зусім іншых гуртоў, якія таксама граюць добрую музыку. Можна сказаць, што атрымаўся нейкі цуд талерантнасці.
Гурт Yellow Brick Road зладзіў сапраўднае рок-н-рольнае свята, засыпаўшы публіку, нібыта снегам, масіўнымі гітарнымі рыфамі і энергетыкай славутых 60-х. «Лічу, што ім трэба аб’яднацца з Toobes і даваць сумесныя канцэрты пад шыльдай “Рэаніматары”! Капірайт ідэі, калі што, мой!» — жартуе адзін з музыкаў гурта Port Mone, які прыйшоў на канцэрт як глядач.
Рэаніматары тым часам валяць Led Zeppelin «Whole Lotta Love», падмяняючы ўласцівыя гэтаму трэку псіхадэлічныя шумавыя эфекты на вакальную іх імітацыю – атрымліваецца гучна ды па-хуліганску. Публіка ў экстазе, усім падабаецца.
Урэшце на сцэну выходзяць «Петля Пристрастия» — магчыма, сапраўдныя героі вечара, бо большасць наведнікаў канцэрту прыйшла «менавіта на пятлю». Гурт выдае незвычайна шчыльны гітарны гук, танцавальны, масіўны і рытмічны, музыкі гучаць настолькі прафесійна і прыгожа, што здаецца, нібыта цяпер, на дадзеным этапе сваёй кар’еры, яны б без праблем сабралі і «раскачалі» нават Палац спорту: урэшце, яны нічым не горшыя за «Без Билета».
Рок-н-рол працягваецца: дзяўчаты-фанаткі пачынаюць жорсткі стэйдж-дайвінг, спачатку палахліва, а потым адчайна, нібыта ныраючы ў акіян, падаючы са сцэны на далоні натоўпу.
Ілля Чарапко выглядае вельмі пранізліва і эмацыйна – ён некалькі разоў прамаўляе нейкія спічы пра тое, яе моцна ён уражаны тым, што на канцэрт прыйшло столькі людзей, нягледзячы на «такія беспрэцэдэнтныя маразы». «Асабіста я бы ў такі холад сядзеў дома і нікуды не ішоў! – кажа ён. – Ведаеце, апошні раз такая зіма на Беларусі была ў 1956 годзе, і ніхто з нас яе не бачыў!». Праз нейкі час ён зноў глядзеў на натоўп заварожанымі вачыма і паўтараў: «Не, ну вас усе ж такі нашмат больш, чым чакалася!» Такое ўражанне, што Ілля насамрэч днямі сядзеў і думаў пра тое, як жахліва будзе назіраць татальны ігнор канцэрту, а потым убачыў, што зале па вялікім рахунку пофіг – то бок, канечне, не пофіг – але ўсе шчаслівыя і ўсім падабаецца.
«Што ж, мы працягваем цягнуць вас у пекла!» – канстатуе Ілля і пераходзіць да выканання ўсім добра вядомых хітоў – «Всем доволен» і «Карма велогонщика». Перад тым як праспяваць улюбёную песню беларускіх дзяўчатак-хіпстараў «Дышать і смотреть», ён цынічна адмаўляецца яе прэзентаваць, прапануючы зрабіць гэта гітарысту, пасля чаго адзначае: «Справа ў тым, што гэта адзіная нашая песня пра каханне». Сапраўды, амаль усе іх песні – суцэльны неўроз, самакапанні і нешта кшталту філасофскай інтаксікацыі, але гэта і вабіць.
Здавалася, што пасля выступу «Петли» мала што ўвогуле можа адбыцца. «Зараз на сцэну выйдуць хлопцы з Akute! – абвяшчае Ілля хэдлайнераў вечарыны. – Яны прыехалі здалёк. Калі ласка, будзьце з імі пяшчотнымі, гэта вельмі добры гурт насамрэч».
Магчыма, гурт з Магілёва і не меў патрэбы ў такіх прадмовах: Akute сустрэлі авацыямі. Атрымліваецца, што ўсё ж такі збольшага ў іх з героямі сучаснага беларускага рускамоўнага року адна і тая ж публіка.
Пачалі хлопцы свой сэт найбольш сумленным і правільным чынам – гурт раптам спыніў выкананне першай песні, ледзь сыграўшы пару тактаў, пасля чаго, адчуўшы здзіўленую цішыню, абвясціў: «Мы хацелі бы выказаць сваю салідарнасць з тымі гуртамі, якіх забараняюць і якім не даюць магчымасці выступаць». Павісла даволі доўгая паўза, нібыта зала не зусім зразумела, пра што гаворка. Але раптам пачуліся апладысменты, спачатку ціхія, а потым гучныя і шчыльныя.
Падчас канцэрту прагучалі дзве новыя песні – сумная і драматычная «Кроў», якая фактычна і прэзентавалася ў Мінску і была нядаўна выдадзеная ў фармаце інтэрнэт-сінгла з некалькімі рэміксамі і нават кавер-версіямі, а таксама песня «Іголкі», не такая ўжо і новая (магілёўскія фанаты гурта ўжо ведаюць яе на памяць), але вельмі добрая, па пост-панкаўску змрочная і манатонная.
Трыа гучала вельмі моцна і гіпнатычна – нашмат лепш, чым падчас сваіх мінулых канцэртаў у Re:public – ці справа ў гукарэжысёру клуба, ці ў акустычным афармленні памяшкання, ці прафесіяналізме гурта, невядома. Тым не менш, гэта быў сапраўдны трыумф – і тая ж публіка, якая гучным хорам, нібыта мантры, паўтарала неўратычныя мармытанні Іллі Чарапко, цяпер гэтак жа самааддана спявала песні Akute.
Akute выканалі стандартны свой сэт, які складаецца з большасці трэкаў альбома «Дзевачкі і космас». Песні гурта растуць разам з ім — крыху запаволеная і дэпрэсіўная «Шчасце» раптам пачала гучаць трывожна, а раней даволі нязграбны і статычны трэк пра машыну, якая «кахае машыну», раптам стаў моцным, танцавальным і хард-рокавым. На жаль, насамрэч новых песняў гучала няшмат, і, канечне, у сітуацыі такога «прарыўнага» старту для гурта лепш за ўсе было б хутчэй нарабіць новых і выдаць другі альбом – аднак, магчыма, у Akute няма ніякіх ваяўнічых стратэгіяў, і яны проста робяць усё так, як робіцца. Атрымліваецца выдатна – публіка ведае ўсе тэксты ўсіх песняў, гэта, здаецца, даволі рэдкая сітуацыя.
Akute праспявалі свой хіт «Адзіноцтва» разам з залай, не выходзілі на «біс», а ўсяго толькі шчасліва пакланіліся, абняўшыся, нібыта Rolling Stones ці які іншы гурт сусветнага значэння – гэта выглядала кранальна і міла. Насамрэч цяжкавата вызначыць, хто ўсе ж такі быў хэдлайнерам вечара: проста адзін за другім выступілі два самыя актуальныя сучасныя моладзевыя гурты, якія граюць добрую сучасную музыку.
Анастасія Віджэцкая, фота – Аляксандр Ждановіч