Музычны герой рунэту і аўтар галоўнага рынгтону-2011 — песні “Еду в Магадан” — Васіль Абломаў упершыню выступіў у Мінску. Зорны растоўскі хлопeц выканаў усе свае хіты, а некаторыя нават двойчы, прэзентаваў новую песню і папрактыкаваўся ў беларускай мове. Вельмі хочацца спадзявацца, што праз поспехі ў галіне вывучэння братняй славянскай мовы дэбютны канцэрт Васі не стане “двайным” — першым і апошнім адразу…
Праз гадзіну пасля намінальнага старту імпрэзы героі вечара ў колькасці двух — Васіля Абломава ды бубнача Аляксандра Зінгера — выйшлі на сцэну. Публіка ў колькасці дзвюх з гакам соцень чалавек наколькі магла зладзіла авацыю. “Тут Вася Абломаў, Мінск!” — стандартнае вітанне і “Письмо счастья” на старце праграмы. “Наступная песня таксама пра каханне”, — і народны хіт пра будні паліцыі разам з першай, але далёка не апошняй за вечар хохмай ад Васі. Нягледзячы на сцёб, паліцыянты Расіі каціруюць гэты трэк а некаторыя з іх, па словах шоумена — нават ездзяць за ім па краіне.
Асобнае месца ў праграме займаюць сур’ёзныя, з сацыяльным складнікам песні Абломава. Ад варыяцыі на тэму “С чего начинается Родина” праз “Одноклассников” цягнецца “сумны” блок праграмы. Засеўшы ў масавай свядомасці паміж прастатой і непасрэднасцю Шнурава і інтэрактыўным жыццём а-ля Нойз МС, Васіль — спявак ад і для мікрараёнаў. У самай пранізлівай песні знаходзіцца месца сцёбу, а ў сцёбе не страчваецца канчаткова душа. У раёне Кунцаўшчыны, узяўшы ў рукі “сімвал рускага року” — акустычную гітару, Вася грае “Ритмы окон”, якую абяцае хутка ў экранізацыі рамана “ДухLess”.
Гурт збіраецца выступіць на Грушынскім фэсце аўтарскай песні і, гледзячы па ўсім, гэты сцёб — зусім і не сцёб, а Вася абавязкова так і зробіць. Пасля абвяшчэння аднаго з галоўных хітоў — песні “УГ” — перадаецца гарачае прывітанне Мікалаю Растаргуеву, які адзначыў свой 55-гадовы юбілей. Шырокая душа народнага героя не пакідае без увагі і Вячаслава Малежыка, якому адрасуецца адпаведная песня — “Ад душы”.
“Болей сэксу!” — даносіцца крык з залы. “Магчыма, так і будзе”, — з усмешкай рэагуе артыст, ацэньваючы контуры аўтаркі прапановы. Моцным блокам даводзяць праграму да лагічнага клічніка “Начальник” і “Намедни”, а пасля “Пока, Медвед” прысутныя пачынаюць актыўна скандаваць лозунг на роднай мове. На нейкі момант здрадніцкае адчуванне таго, што зала амаль пустая, тоне ў роўным рокаце дзясяткаў галасоў. Артысту хутка даводзяць сутнасць простай фразы, якую, на радасць ці на бяду, ён назаўжды гучна фіксуе ў сваёй біяграфіі.
Фінальны нумар, якім не можа быць нічога, акрамя песні пра Магадан, праходзіць пад шалёныя танцы сямі дзяўчат на пастаменце ззаду сцэны. Пасля гэтага музыкі просяць зрабіць групавое фота на памяць, але са сцэны не знікаюць, каб не какетнічаць з “бісоўкай”, маўляў, панты гэта ўсё, а мы хлопцы простыя.
Калі гурт грае на біс песню, што ўжо гучала цягам вечара, звычайна кажуць “Спекліся старычкі”, але калі так робіць гурт малады, тролям на форумах словаў для каментароў звычайна бракуе. Можа, да гэтага трэба дарасці, а можа, і сапраўды “часы змяняюцца”, як спяваў Боб Дылан…
Алесь Плотка
Фота: Аляксандр Ждановіч