Вайцюшкевіч: Японія й неманская сядзіба ў Наваполацку

23.01.2009

21 студзеня у Наваполацкай бібліятэцы імя Я.Коласа адбылася першая для Наваполацку сустрэча з нашым беларускім бардам Зьміцерам Вайцюшкевічам. Зарганізавана мерапрыемства ў межах кампаніі “Будзьма” наваполацкай філіяй Таварыства Беларускай Мовы.

Уступнае слова з падзякамі арганізатарам і віншаваньнем з Днем роднай мовы ператварылася ў міні-лекцыю пра загадкавую краіну Японію, якую Зьміцер наведаў прыкладна з год таму. Да таго ж, ужо напрыканцы вечарыны, бард выканаў і песьню на японскай мове з наступным перакладам па-беларуску. Незвычайна, але й Вайцюшкевіча звычайным не назавеш

Таксама шаноўныя гледачы пачулі песьні на вершы Уладзіміра Някляева, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага. Прыемна прагучалі творы з новага сумеснага праэкта “Анелы” спадара Зьміцера, мэта якога – больш паэзіі для нашых, беларускіх дзетак.

Асаблівую ўвагу публіцы прыцягнула паведамленьне Вайцюшкевіча пра ўласную сядзібу на Немане й жаданьне распачаць там аграэкатурызм. Так, пытаньне “Калі можна наведаць сядзібу?” сталася адным з найлепшых, за што аўтар атрымаў дыск барда. Адказ жа на пытаньне не замінуў быць. Па словах Зьміцера, яго дзядзька на сядзібе бывае часьцей за ўсё й заўсёды будзе рады працаўнікам. На сучасны момант сядзіба, як кажуць, “антыкамфортна”, але з цягам часу…

Разьвітаўся жа бард на аптымістычнай, штодзённа-філязофскай ноце, выканаўшы “Я нарадзіўся тут”.

P.S.: фотаздымкі з сустрэчы можна пабачыць тут