Напярэдадні прэзентацый гульні “Паўстанцы” ў Мінску і Гародні аматарам гісторыі прапануецца невялікая віктарына.
У гульні задзейнічаныя 10 паўстанцаў — рэальных гістарычных асобаў. Прапануем вам пазнаць іх па кароткім апісанні, якое змешчанае таксама ў картах. Пераможца, які першым дашле на электронны адрас [email protected] правільныя адказы, атрымае ў падарунак на прэзентацыі калоду карт. Трэба даслаць спіс імёнаў, якія будуць адпавядаць апісанню, пазначыць свае каардынаты, а таксама напісаць горад, на прэзентацыю ў якім вы можаце трапіць. Такім чынам, пераможцаў будзе двое — у Гародні і ў Мінску. А вось і кароткія апісанні:
- Рэвалюцыянер-дэмакрат, мысліцель, публіцыст, кіраўнік і духоўны лідэр паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве. Быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.
- Рэвалюцыйны дзеяч “чырвонага кірунку”. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў “Камітэта руху” ў Вільні, кіраваў атрадам у Магілёўскім ваяводстве. Узяты ў палон і пакараны смерцю.
- Выдатны камандзір і стратэг. Кіраваў атрадам у Лідскім павеце. У маі 1863 года прызначаны галоўнакамандуючым паўстанцкіх войскаў. Загінуў у баі ля в. Дубічы.
- Кіраваў рэвалюцыйнай арганізацыяй у Пецярбургу. У 1863 годзе кіраваў паўстанцкімі ўзброенымі сіламі Літвы. Паранены, узяты ў палон, павешаны ў Вільні.
- Рэвалюцыянер-дэмакрат, найбліжэйшы паплечнік Каліноўскага ў Гарадзенскай арганізацыі, разам з ім выдаваў “Мужыцкую праўду”. У 1863 годзе — баявы кіраўнік гарадзенскіх паўстанцаў.
- Мастак і ілюстратар. Ваяваў у атрадзе Л. Нарбута. Зрабіў шмат ілюстрацый паўстанцкага жыцця. Быў арыштаваны, але здолеў збегчы за мяжу.
- Ліберальны памешчык, публіцыст, адзін з кіраўнікоў партыі “белых” у Літве і Беларусі. У 1863 годзе — старшыня Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Арыштаваны, сасланы на катаргу.
- Удзельнік студэнцкага руху ў Маскве і Пецярбургу. З лета 1863 года — найбліжэйшы памочнік Каліноўскага. Публічна расстраляны ў Вільні ў снежні 1863.
- Ксёндз. Восенню 1863 года прызначаны арганізатарам паўстанцкіх узброеных сіл Ковенскага ваяводства. Павешаны публічна ў Коўна.
- Інжынерны афіцэр, стваральнік арганізацыі “руху” ў Мінску. Увосень вайсковы начальнік Аўгустоўскага і Гарадзенскага ваяводстваў. Быў сасланы.