На канцэрце з серыі “Тузін.Unplugged” у “Лофт-кафэ” нарачанскія пост-гранжы Da!Бл… перарадзіліся ў душэўны акустычны бэнд, а гурт Аляксандра Кулінковіча чарговы раз змяніў назву – на групу “Веласіпедыстаў”. Зрэшты, выконвала яна песні з рэпертуару іншай каманды.
Da!Бл.
Гэтым разам праект “Жывы Тузін” часова змяніў прапіску. Замест звыклага клуба “Графіці” канцэрт прайшоў у нашмат больш прасторным “Лофт-кафэ”. Так што эксклюзіўныя сэты герояў гэтага вечара магло пачуць больш слухачоў. Людзі гэтай магчымасцю скарысталіся. Ужо за паўгадзіны да пачатку вольных месцаў практычна не засталося, хоць рэкламы мерапрыемства амаль не было.
Вецер Механічны
Алег Хаменка
Восьмы канцэрт з серыі “Тузін.Unplugged” па традыцыі адкрыў Алег Хаменка, які падзякаваў арганізатарам з партала Tuzin.Fm і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. “Такія сустрэчы – выдатная магчымасць адчуць энергію асобы творцы, якая часам прыхоўвацца за электрычным гучаннем”, – заявіў Алег ды запрасіў на сцэну першых выступоўцаў – гурт Da!Бл… з вёскі Нарач.
Юры Навумаў
“Мы праехалі дзеля гэтага выступу 160 кіламетраў і вельмі пастараемся не ўдарыць тварам у бруд”, – павіталіся музыкі ды прадставілі лайт-версію свайго новага альбома “Эпоха мод”. У арыгінале каманда грае пост-гранж, але ў акустыцы раскрылася па-іншаму. Прысутныя тэксты “нарачанцаў” слухалі з вялікай увагай, і надзіва ніхто не клікаў хэдлайнераў вечара. Асабліва горача віталі “Снег” у пранікнёным выкананні і душашчыпальную кампазіцыю пад назвай “Мая дзяўчына-наркаман”. Скончылі хлопцы свой амаль гадзінны сэт вельмі стылёвай песенькай пра эпоху мод. Але ніхто іх адпускаць са сцэны нават не думаў, так што музыкі на хвіліну нават разгубіліся. Але ўрэшце вырашылі сыграць на біс. Гэта была новая песня “Крок наперад”, вакаліст Віктар Мароз ад хвалявання нават тэкст забыў, за што вельмі выбачаўся перад публікай. “Вы – супер!” – быў яму адказ.
Група веласіпедыстаў
Аляксандр Кулінковіч
У перапынку Алег Хаменка выйшаў на сцэну, каб паразмаўляць з публікай ды разыграць розныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У гэты вечар першыя слухачы атрымалі эксклюзіўную складанку “Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2”. Прызы дасталіся тым, хто правільна адказаў на пытанні, на якім месцы ў “Тузіне” месціцца беларускамоўная песня Аляксандра Рыбака, які філосаф сачыў за апошнім турам чарту ды чаму журналісты пішуць прозвішча лідара гурта Neuro Dubel з дзвюма літарамі “л”. Апошняе пытанне выклікала цяжкасці. Усе здагадкі былі няслушныя. У конкурсе нават узяў удзел другі вакаліст гурта – Юры Навумаў. “Так задумана сіламі прыроды”, – даў ён свой арыгінальны адказ. Урэшце знайшоўся сярод гледачоў чалавек, які патлумачыў, што да свайго сапраўднага прозвішча Кулінковіч вырашыў дадаць яшчэ адну “л”, калі запісваў адзін з першых альбомаў пад працоўнай назвай “Кулінковіч і кунілінгус”.
Павел Юрцэвіч
Урэшце на сцэне з’явіўся сам Кулінковіч з невялічкім аркестрыкам. “Мы вырашылі чарговы раз змяніць назву – цяпер мы завемся група “Веласіпедыстаў”, – іранічна патлумачыў ён. Вакол яго на крэслы расселіся гітарыст Віталь Абрамовіч, Юры Навумаў, які ўпершыню за доўгі час узяўся за гітару. Да калектыву далучыўся таксама дырэктар студыі “Осмас” Павел Юрцэвіч. “Паша ў нас грае на ўсялякіх незнаёмых інструментах”, – патлумачыў лідар каманды. Музыкі адразу ж здзівілі публіку першым нумарам – Юры Навумаў раптоўна заспяваў блатняк. “Цяпер мы выканаем песню з альбома іншага гурта, які завецца Neuro Dubel, – выгукнуў Кулінковіч, ледзь не закрануўшы імправізаванае дэкаратыўнае вогнішча, раскладзенае на сцэне. Усе астатнія нумары былі добра вядомыя слухачам. Упершыню ў акустычнай версіі прагучалі такія песні, як “Крутой”,“Полцарства”, “Я памру тут”, “Звёздочки”, “Нельзя”, “Гузік” з Хаменкам на бэк-вакале, ды многія іншыя. Калі нешта асабліва вылучаць з гэтага музычнага сэту, дык, напэўна, “Ехали уроды”, якая ў акустыцы загучала яшчэ шыкоўней. Натуральна былі харавыя спевы – “Марскі чалавек”, падарунак “дзюбелям” ад Лявона Вольскага, ды абсалютна натуральны пры канцы “Резиновый дом”. І хоць не надта любіць Аляксандр Кулінковіч выходзіць на біс, але пасля шматлікіх просьбаў ён усё ж вырашыў праспяваць яшчэ “Сергея Ивановича”.
“Дзякуй вам за гэты мастацкі спектакль!” – сказаў пры канцы Алег Хаменка ды запрасіў усіх на чарговы “Тузін.Unplugged” 2 снежня.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч