Напярэдадні прэзентацыі “Малой медычнай энцыклапедыі Бахарэвіча” арганізатары імпрэзы набылі вентылятар, бо чакалі вялікага наплыву людзей. Але і тое не дапамагло. У кнігарню “логвінаЎ” прыйшло нашмат больш людзей, чым тая магла змясціць. Рэдактар выдання Сяргей Шупа выбачаўся, што не ўсім хапіла кнігі, і прапаноўваў пакідаць нумары сваіх тэлефонаў, а сам Альгерд ціха радаваўся такому поспеху.
Сяргей Шупа
Альгерд Бахарэвіч
Бахарэвіч у Мінску рэдкі госць. Пісьменнік ужо доўгі час жыве ў Гамбургу. Як ён сам прызнаецца, “адсутнасць спелага лукашызму” яго цешыць. І наогул, мара творцы — жыць кожны месяц у новым горадзе і пры гэтым перыядычна наведвацца ў любімы Мінск. “Я, можа, вярнуся, як скончацца цёмныя часы”, — абнадзейвае ён публіку.
Уладзімір Арлоў
Павал Касцюкевіч, арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ”
Вядоўца і рэдактар кнігі Сяргей Шупа прадставіў героя вечарыны як “доктара Бахарэвіча”: “Усе ведаюць, што жыццё — гэта хвароба, якая перадаецца полавым шляхам. А кожны пісьменнік лічыць сябе доктарам, бо спрабуе лекаваць душы…” “Доктар” адразу заявіў, што вечарыну варта лічыць часткай народных гулянняў, якія адбываюцца ў Мінску, і выбачыўся перад невядома кім, што забраў частку патэнцыйных удзельнікаў акцыі.
Перад чытаннем урыўкаў Альгерд папярэдзіў, што нельга верыць ніводнаму слову, напісанаму ў яго “Малой медычнай энцыклапедыі”. Зрэшты, як выявілася, траплялася там і праўдзівая інфармацыя. Напрыклад, пра тое, што пісьменнік — зацяты курэц. У кнізе ён адстойвае права курца курыць.
Новы твор Бахарэвіч напісаў у новым для сябе жанры. Яго кніга — гэта не раман, не аповесць, не зборнік апавяданняў. Хутчэй зборнік эсэ на розныя тэмы, напісаныя пад уплывам Мантэня.
Каб разнастаіць вечарыну, між чытаннямі ўрыўкаў з кнігі вырашылі праводзіць усялякія конкурсы. Сяргей Шупа задаваў пытанні, а Альгерд раздаваў арыгінальныя прызы пераможцам (у асноўным гэта было дзяўчо, якая ведала пра яго практычна ўсё). У пачатку было прапанавана з’есці пачак печыва за хвіліну, не запіваючы вадой. Адважны знайшоўся, але адолеў толькі палову пачка. Прыз усё ж атрымаў — пляшачку гарэліцы, каб запіць. Астатнія конкурсы датычылі ведання творчасці Бахарэвіча. “Колькі дзяцей мела Вераніка з “Сарокі на шыбеніцы”?” — пытаўся Шупа і, атрымаўшы імгненны адказ, радаваўся: — Правільна. Не мела. Атрымайце пачак цудоўных ружовых презерватываў”.
Кожнаму ўдзельніку прэзентацыі абяцалася новая кніга Бахарэвічы ў падарунак. Але так не атрымалася. У прадчуванні арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ” Павал Касцюкевіч напярэдадні імпрэзы схадзіў ды набыў вентылятар, бо меркавалася, што паслухаць Альгерда прыйдзе нямала народу. Але прыйшло яшчэ болей, чым планавалася. Сяргей Шупа выбачаўся перад прысутнымі, што не разлічылі сілаў і не хапіла кніг, ды прапаноўваў пакінуць нумар тэлефона, прыйсці сюды ж праз тыдзень, назваць нумар у якасці пароля і атрымаць запаветнае. “А пісьменніка затрымаеце на тыдзень, каб аўтограф паставіў?” — пачулася з задніх шэрагаў. “Так, давядзецца”, — адказаў рэдактар.
Нягледзячы на задуху ў памяшканні, Бахарэвіча не адпускалі доўга. Пасля чытання пісьменнік яшчэ з паўгадзіны адказваў на пытанні, а потым раздаваў аўтографы. Пытання пра творчыя планы не было, але Альгерд сам вырашыў на яго адказаць і прызнаўся, што напісаў ужо 100 старонак новай кнігі пра адно з сакральных месцаў сталіцы — Шабаны.
Сяргей Будкін, фота Аляксандра Ждановіча