Магілёўскі гурт Akute сыграў найлепшае і новае ў перапоўненым “Графіці”. Пасля гэтага канцэрта музыкі вырашылі ўзяць паўзу на тры месяцы і ў Мінску з сольнікамі не выступаць да красавіка, каб падрыхтаваць новую канцэртную праграму.
Інтарэс да канцэрта ў “Графіці” быў як заўжды вялікі. У клуб трапілі толькі тыя, хто найхутчэй зрэагаваў на анонс. Гледачы шчыльна абступілі сцэну так, што да бара дабрацца было проста немачыма. Яшчэ да пачатку канцэрта ахова прыняла рашэнне больш людзей не прапускаць. Магілёўскія музыкі ў гэты вечар збіраліся сыграць свае найлепшыя песні і прадставіць некалькі новых. Дадатковага ажыятажу дадаваў яшчэ той факт, што напярэдадні гэтага канцэрта гурт заявіў, што да красавіка сольных канцэртаў у Мінску даваць не будзе — ім патрэбны час, каб падрыхтаваць новую канцэртную праграму.
Забаўна, што на разагрэве ў Akute выступалі Placebo. Наўмысна ці не, але на экранах перад выхадам музыкаў дэманстраваўся канцэрт гурта Брайна Молка. “А цяпер будзе Akute!”, — урачыста абвясціў вакаліст Стас Мытнік, які выйшаў не ў звыклым ужо пінжаку, а ў кашульцы. Без доўгага ўступнага слова зайгралі “Кроў, бы вада”. Падтрымка з боку гледачоў была такая, што можна было падумаць, нібыта музыкі граюць не інакш, як на біс. Людзі падпявалі з ахвотай, Akute гучалі чыста і гладка, нібы з магнітафона. Проста канцэрт-ідылія, толькі што месца не ставала, каб патанчыць, як мае быць. На “Іголках” Стас паказаў новы развучаны жэст — узняты долу палец. Больш нічога асаблівага ён не вырабляў, але дзеўкі ад яго дурэлі.
“А цяпер мы будзем граць песні з нашага першага альбома”, — заявіў пасярод канцэрту Рома Жыгараў з такой помпай, што можна было падумаць, нібы ў яго групы тых альбомаў як мінімум пяць. “Свяці” і “Шчасце” пайшлі надзвычайна. З новых песняў Akute прадставіла толькі парачку — “Бегчы” і “Падаць” (афіцыйна яна будзе звацца, мусіць, “Наскрозь”). Мяркуючы з рэакцыі залі, гэтыя творы нейкім дзіўным чынам прыхільнікі каманды таксама паспелі развучыць. Музыкі актыўна іх абкатваюць на апошніх канцэртах і збіраюцца ўключыць у свой трэці нумарны альбом. “Наскрозь” Стас выканаў яшчэ раз на біс, але музыкаў не адпусцілі нават пасля гэтага. Дадатковым падарункам усім быў яшчэ “Агонь”. На наступны сольны канцэрт у Менск гурт прыедзе ўвесну ўжо з абноўленай праграмай.
Фота: Аляксандр Ждановіч