Гурт IQ48 прадставіў ужывую свой новы альбом пад назвай HMR, іранічна названы ў гонар захаплення ў юнацкія часы “хэві-мэтал-рокам”. Усіх, хто прыйшоў у гэты вечар у “Рэпаблік” чакала нямала прыемнасцяў. Гурт з Сашам Ракаўцом на вакале даў адзін з лепшых сваіх канцэртаў у кар’еры.
Разбітае сэрца пацана
IQ48 падзялілі сцэну з гуртом “Разбітае сэрца пацана”. Дзёня і Паша адразу разгайдалі публіку незабыўным хітом “Не налівай”. “Але вас гэта не тычыцца!”, – перасцераглі хлопцы ды зладзілі сапраўднае балканскае дыска. Песню “Ноў коментс” яны прысвяцілі ўказу прэзідэнта пад нумарам 60 аб цэнзуры ў інтэрнэце. Агледзіўшы ў пэўны момант залю Паша заявіў: “Нас сёння тут сабралося няшмат, бо не ўсе здолелі даехаць на маршрутцы за 4500 руб. і на метро за 1500. Набывайма ровары, сябры, каб ездзіць на цікавыя канцэрты!”. Пасля музыка папрасіў уключыць на секунду святло на сцэне. “Дорага будзе!”, – пачуўся крык з залі.
Танцавальны дуэт ЭВМ
Пасярод сэту да РСП далучыўся танцавальны дуэт ЭВМ і ў залі неяк стала цяплей. Не абыйшлося без распранання на сцэне “у меру п’яных хлопцаў” дзеўкамі з ЭВМ пад песню “Неферціці”. А скончыўся сэт віншаваннямі басіста гурта Эндру з 35-годдзем, якому астатнія ўдзельнікі РСП падарылі вялікі торт.
“Здароўе альбо дыск!”, – гэтак у перапынку вядучая канцэрту заклікала набываць новы дыск IQ48, які каштаваў столькі ж, колькі і пляшка піва ў бары. Потым быў абвешчаны конкурс сярод гледачоў, але разыгралі чамусьці не альбом HMR, а толькі канцэртныя афішкі з аўтографамі музыкаў. Два падрыхтаваныя пытанні адносна IQ48 выклікалі немалую цяжкасць. Год перамогі гурта на “Басовішчы” гадалі-гадалі ды адгадалі (2002), а на пытанне, што здарылася на колішнім канцэрце гурта ў клубе “Тунель”, нават варыянтаў было вобмаль. “Распрануліся?”, – выказала меркаванне дзяўчына з танцполу. Аказалася банальней – спалілі ўзмацняльнік.
Яўген Бузоўскі
РСП разагрэлі публіку як мае быць. На першай жа песні IQ48 “Сабой заставацца” усе кінуліся ў пляс. Нямала знайшлося ахвочых і кінуцца ў натоўп са сцэны. Музыкі падрыхтавалі праграму такім чынам, што новыя кампазіцыі чаргаваліся са старымі. Падчас выканання песні “Гэй, наперад” на вялікім экране з’явілася выява аўтара тэкста – Янкі Купалы.
Аляксандр Памідораў
Вінсэнт і Аляксандр Ракавец
Фройд і Саша Ракавец
Адзін з сюрпрызаў адбыўся, калі Саша Ракавец запрасіў на сцэну “чалавека, які прыдумаў назву IQ48”. Да публілі выйшаў Павел Зыгмантовіч, вядомы як Фройд, колішні вакаліст гурта, які пераехаў на сталае месцажыхарства ў Маскву. Ён паказаў, што знаходзіцца ў някепскай форме, калі выканаў разам з Сашам песню “Таполі” – упершыню за 7 год. Пры выкананні кожнага наступнага трэка гледачоў чакаў новы сюрпрыз. Дзяўчыны з групы “Крада” зладзілі фаер-шоў пад песню “Святло ў цемры”, Ракавец праспяваў яшчэ дуэтам з Вінсэнтам і Памідоравым, гітарыст каманды Яўген Бузоўскі прапанаваў паўдзельнічаць усім у здымках кліпа гурта… Апынулася, што “айкьюшнікі” проста на канцэрце рабілі відэа на сваю новую песню “Хвост пісталетам”. Пры канцы апошняй песні з праграмы – “Вясна-красна” вакаліст нечакана адарваўся ад зямлі ды скокнуў на танцпол, яго падхапілі дзесяткі рук і ён паплыў па натоўпе, пасля чаго паспяхова прыплыў назад на сцэну. На біс жа IQ48 сыгралі беларускамоўны кавер на Rage Against the Machine.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандр Ждановіч