Рэп-спявак Вінсэнт адкрыў сезон 6 кастрычніка ў клубе “Гудвін”, што ў Мінску. Клуб “Гудвін” ператварыўся на вечар у месца, дзе гучалі сучасныя рытмы, куды прыйшлі прасунутыя падлеткі, мамы з дзецьмі, студэнты, аматары рэп-музыкі, рок-музыкі, праграмісты, мэнэджары, куды прыехалі настаўнікі з рэгіёнаў.Усіх іх аб’яднала прага да жывога слова і сучаснай музыкі.
Канцэрт пачаўся з хіта “Бог. Радзіма. Воля”. У такім узрыўным і энергічным ключы прайшоў увесь двухгадзінны канцэрт. Энергія гэтай песні перацякла ў рамантычны хіт “Лютаўскія дажджы”, які ўжо добра ведае публіка. “Працягваю жыць” гучала як песня надзеі і ўпартасці.
Пад песню “Адыходзяць караблі”, нягледзячы на перапоўненую залу, можна было ўявіць шэры далягляд і самотны ветразь – яшчэ адзін вобраз з песняў Вінсэнта. Асабліва адгукнулася ў душах слухачоў песня “Наша слова ў небяспецы”, бо яе працытаваў (даволі вялікі кавалак) адзін з удзельнікаў конкурсаў, якія праводзіліся падчас канцэрту. Пераможцы атрымалі класныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Беларусы ведаюць і любяць сваю мову. Гэта было адчувальна па той энергіі, з якой фанаты скандавалі назоў любімага гурта. Тыя, што гатовыя былі адрывацца напоўніцу і кінуцца ў музычны вір, атрымалі што хацелі. Песні “Плошча”, “Радыё Свабода”, “Восеньскі вальс” яшчэ больш дадавалі чаду. Літаральна на некалькі секундаў перапынак – і зноў новая хваля. Толькі хацелася крыкнуць: “Веру!” – на біс!”