Спявачка Ёлка выступіла ў парку Дрымлэнд на опэн-эйры “Фіеста”. Нячастая ў Беларусі госця, Ёлка завітала ў Мінск з поўным складам музыкаў, каб прадэманстраваць свой узровень жывых выступаў і разам з мінчукамі пазмагацца з дажджом. Перад канцэртам спявачка звярнулася праз твітэр да сваіх слухачоў са спадзяваннем, што парасоны маюць усе. “Затое не горача”, — з пазітывізмам канстатавала яна і літаральна праз пару гадзінаў заспявала разам з натоўпам рознакаляровых парасонаў свае хіты.
Канцэрт для Ёлкі — не проста выкананне песень, але і бясконцая камунікацыя з публікай. З ўсёй шчырасцю і прастатой усходнеславянскай душы. Часам можна ўявіць, што замест аднаго канцэрта чалавек мае дзве імпрэзы, што адбываюцца паралельна — выкананне песень чаргуецца з маналогамі артысткі пра ўсё на свеце, ад свайго ўзросту да пытанняў гармоніі. Не застаецца па-за ўвагай ніякае дзеянне ў зоне дасягнення спявачкі: “Крохі, улыбакі вы мае — гэта ж трэба мець столькі цярпення, дзеля пары песень выстаяць канцэрт”, — звяртаецца яна да зусім маленькіх наведнікаў канцэрта недзе ўсярэдзіне.
Канцэрт у парку разам з харызмай Ёлкі хутка ствараюць атмасферу вечару на крымскім курорце з партвейнам, размовамі за жыццё і песнямі, пад гітару і без. Публіка танчыць, з напоямі недахопу няма, знаёмыя песні перамяжоўваюцца з думкамі выканаўцы у мімімішнай манеры. Апошняя не падаецца напускной. “Я ўсіх людзей люблю”, — кажа Ёлка, і усе прысутныя адразу любяць артыстку яшчэ мацней. Роздум пра чалавечую гармонію перацякае ў песню “Мальчик”, а пра асабістую прастору — у “Я в печали” як прысвячэнне тым, хто межаў гэтай прасторы зразумець не можа.
“Около тебя” — труба з саксафонам робяць цуды, DJ Женя Ленар трымае марку выпускніка школы Тоніка і колішняга аднапалчаніна Дэцла. Парасоны не замінаюць людзям пляскаць і танчыць. “Ну вось цяпер вы пабачылі, што я проста сутулая спявачка, якае рагоча са сваіх жартаў”, — і лёгкія пакепліванні з сябе зноў саступаюць месца песням. Сярод гасцей не знаходзіцца тых, хто прыйшоў сюды, каб не спець пра паветраны шар і не зацягнуць “Прованс”. Харавыя спевы здымае на мабільны сама Ёлка, а потым выкладае відэа адразу ў сеціва. Што ні кажы, а ў 21-м стагоддзі ёсць свае плюсы для стасункаў артыста і слухача.
Алесь Плотка, фота — Аляксандр Ждановіч