Сёння мы звернем увагу на дзяўчат, у статусе якіх пазначана “Усё складана”. Магчыма, цвярозы старонні погляд дапаможа ім вывесці прыватнае жыццё з перманентнай катастрофы.
Шаноўныя дзяўчаты, у вас ніколі, ніколі, ніколі не будзе “ўсё добра” ў дачыненнях, пакуль вы знаходзіцеся ў адной з ніжэйзгаданых сітуацый. Пазбаўляйцеся хутчэй уяўных “няпэўнасці” і “нявызначанасці” ў асабістым жыцці, бо вас даўно чакаюць сапраўдныя мужчыны, якія гатовыя любіць вас, паважаць і захапляцца вамі.
Вы сустракаецеся з жанатым мужчынам
Навошта вы гэта робіце? Магчыма, вам прыносяць радасць рэдкія сустрэчы паводле графіку, ягоныя званкі жонцы з балкона, сузіранне ягонага заручальнага пярсцёнка і самотныя выходныя, якія ваш каханы бавіць з сям’ёй. Не? Дык навошта вы падтрымліваеце гэтыя нездаровыя дачыненні? Вы нават не ягоная дзяўчына — вы проста каханка, наяўнасць якой хаваюць.
А, чакайце. Я здагадваюся. Вы спадзеяцеся, што ён нарэшце сыдзе ад жонкі, як абяцаў (праз пяць гадоў), і створыць з вамі сапраўдную сям’ю.
Дрэнная навіна: жанаты мужчына — найгоршая кандыдатура, калі вы марыце пра ўласную сям’ю. Калі б ён збіраўся сысці ад жонкі, ён бы сышоў. А так ён цудоўна ўладкаваўся. Яго ўсё задавальняе. Жонка, якая напэўна здагадваецца пра вашае існаванне, баіцца яму і слова сказаць: а раптам даражэнькі пакрыўдзіцца і сыдзе да вас? А вы штодня разгортваеце перад ім выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі, каб прадэманстраваць усе вашыя перавагі перад ягонай жонкай. Цудоўна ўладкаваўся! Дзве жанчыны (я спадзяюся, толькі дзве) ладзяць спаборніцтвы ў барацьбе за яго, ствараючы яму рай на зямлі. Прычым, заўважым, з уласнага жадання! Ён нікога не прымушае, а проста бярэ ад жыцця ўсё. Да я б таксама не адмовілася ад такога!
Жанатага мужчыну трэба неадкладна кінуць. Не званіць і не пісаць, проста не выходзіць з ім на сувязь. Добрая навіна: ён да вас не вернецца. Вяртаюцца да жонак, а не да каханак.
Натуральна, ён будзе — і не раз — прапаноўваць вам “аднавіць адносіны”. Проста спытайце яго, калі вы ідзяце ў ЗАГС. І назірайце за ягонай рэакцыяй. Дакладней за тым, як ён уцякае. Хай выгляд ягоных пятак надасць вам рашучасці сустрэць нарэшце годнага чалавека.
У яго ёсць дзяўчына
Магчыма, яны нават жывуць разам. Такая сітуацыя — не прасцейшая за папярэднюю, а яе падвід. І абмяркоўваць тут можна хіба тое, як змяніць ваш паўсядзённы маршрут, каб больш ніколі, ніколі, ніколі не сустракацца з героем не вашага рамана. Мужчына, які вас не паважае, не варты вашай увагі.
Не, я не сумняюся: ён штодня падрабязна і палымяна расказвае, як ён вас любіць. Ну а чым яшчэ ён можа вас утрымліваць? Не шчырымі ж заявамі пра тое, што ён вас проста выкарыстоўвае.
Наступныя дзве сітуацыі распаўсюджаныя ў нашым кліматычным поясе, як снег узімку.
Ён вас ветліва трывае
Вам спадабаўся хлопец, і вы скарысталіся адзіна вядомым спосабам наладжвання адносінаў: спакусілі яго. Ён і спачатку не здолеў вам адмовіць, а цяпер і пагатоў баіцца прызнацца, што вы яму не падабаецеся. Затое вы бавіце дні і ночы ў пакутлівых развагах, ці любіць ён вас. А ці не здаецца вам, што калі любяць, то паводзяцца зусім іначай? Напрыклад, тэлефануюць, запрашаюць на спатканні, сумуюць без вас і хочуць чуць ваш голас без дай прычыны?
або
Ён няветліва выкарыстоўвае вас
Незвычайная жарсць авалодала вамі, і вы спачатку заняліся сэксам, а потым даведаліся, як каго завуць. І цяпер вы пакутліва варожыце на каве, у якія ж дні ваш каханы ашчаслівіць вас візітам. Дам падказку: у дні, калі ў яго зачэшацца ў адным месцы. У іншыя дні ён пра вас і не згадае.
Мараль: думаць, што ў вас ёсць хлопец, калі насамрэч яго няма, — шкодна для здароўя.
Якая ўдача: вы не знайшлі сябе ні ў адной катэгорыі! Тым часам у вас, здаецца, з’явіўся “хлопец”? І што вы маеце рабіць? Пагаворым пра гэта. Але потым.
Югася Каляда