Юры Несцярэнка: “Беларускамоўныя людзі – закрыты клан”

niesciarenka

— Карані маёй беларускасці звязаныя хутчэй не з бацькамі, а з дзядамі і бабкамі. Гэта вясковыя людзі з іх вясковым побытам і вясковай гаворкай, распаўсюджанай толькі ў іх мясцовасці. Гэтыя ўражанні дзяцінства з часам – досыць позна, пасля 30 гадоў – паўплывалі на тое, што я асэнсаваў неабходнасць ужываць і нейкім чынам захоўваць мову. 

Мяне ўразіла творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым. На ёй таксама быў бард Зміцер Бартосік. Тады я даведаўся, што Бартосік не беларус. Так, як ён размаўляў на беларускай мове, я, беларус, на той момант размаўляць не мог. І для мяне гэта быў шок. Я, не маючы моўнай практыкі, ламаў язык, а ён абсалютна свабодна размаўляў і разумеў мяне. А Арлоў мяне ўразіў тым, што ён сучасны чалавек, піша творы, і іх нельга вырываць з кантэксту сённяшняга дня.

У той жа час, калі адбывалася сустрэча з Арловым, у нас, у мястэчку Бялынічы на Магілёўшчыне, адкуль я родам, была невялікая дыяспара каўказцаў з Грузіі, Арменіі, Аджарыі… Яны жылі і працавалі, трымалі крамы. Аднойчы яны наладзілі сустрэчу з актыўнымі беларускамоўнымі людзьмі. Зацікавіліся імі. З каўказскага боку быў малады вядоўца. Старэйшы сядзеў недзе далей. І малады вядоўца пачаў казаць: “Поднимем тост за эту землю, которая дала нам возможность здесь жить без войны и работать, выпьем за самостийность Беларуси!” А старэйшы ззаду кажа: “Ты что, не понимаешь? Не за самостийность, а за незалежность!”

Беларусь – гэта пэўная тэрыторыя, і ў якія б гістарычныя абставіны мы ні траплялі, але заўсёды нашая зямля была акрэсленая, хоць і мяняла назвы. Тыя людзі, што карыстаюцца беларускай мовай, утвараюць своеасаблівы клан. Бо з іншаземцамі размаўляць па-беларуску немагчыма. Тут можна правесці паралель з плямёнамі, што, паводле звестак са старажытных хронік, жылі на тэрыторыі, што прыкладна супадае з крывіцкімі землямі. Пісалі, што гэтыя плямёны ні з кім не кантактуюць, і іншаземец, калі трапіў туды, павінен застацца там назаўсёды. З нечым падобным, такім закрытым кланам, можна параўнаць і беларускамоўных людзей.

Юры Несцярэнка, лідэр гурта White Night Blues