Нягледзячы на лютаўскую адлігу, бруд і слату, перанесеныя з прычыны экстрэмальных студзеньскіх маразоў адкрытыя міжнародныя спаборніцтвы па зімовым ездавым спорце “Завiруха-2014” адбыліся 22—23 лютага на штучным снезе сярод урбаністычных пейзажаў прафесійнай лыжаролернай трасы футбольнага клуба “Мінск”.
Спярша абледзянелы, а затым падталы снег зрабіў спаборніцтвы больш складанымі, выпрабоўваючы цягавітасць чатырохногіх сяброў і іх гаспадароў, а таксама перыядычна траўмуючы лапы сабак. Магчыма, праз надвор’е частка патэнцыйных удзельнікаў і гледачоў не прыехала на спаборніцтвы, затое ў іх узялі ўдзел самыя ўстойлівыя спартоўцы з Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі.
Традыцыйна гонкі праводзіліся ў дысцыпліне скіджорынг (адзін ці два сабакі цягнуць за сабой лыжніка), на сабачых запрэжках (2, 4 і 6 сабак), і каманднай эстафеце. Сярод самых пацешных міні-конкурсаў быў традыцыйна праведзены конкурс на самага прыгожага і самага пявучага сабаку. Нягледзячы на значныя і нязначныя цяжкасці, няўвязкі і кур’ёзы, ласкавыя і адданыя сябры чалавека, як заўсёды, ператварылі “Завiруху-2014” у відовішчную, прыемную і, вядома ж, найпрыгажэйшую падзею зімы.
Фота: Аляксей Сталяроў, Аляксандр Ждановіч