25 лютага распачаўся фестываль “Вершы на асфальце”, прысвечаны 75-годдзю Міхася Стральцова. Фестываль праводзіцца ўпершыню, але ўжо ў статусе міжнароднага ― удзел у ім узялі не толькі беларускія, але і замежныя аўтары. Першы дзень завершыўся жаночым слэмам. У зацятай барацьбе сярод паэтак перамаглі адразу дзве аўтаркі, якія прадстаўлялі тры краіны.
Роўную найвышэйшую колькасць балаў набралі Солья Крапу, якая прадстаўляла Фінляндыю, дзе нарадзілася, і Швецыю, дзе жыве цяпер, і беларуска Вера Бурлак. Абедзьве пераможцы ― дасведчаныя слэмеркі, якія не раз займалі высокія месцы на паэтычных спаборніцтвах у сваіх краінах і за мяжой. Здабыць перамогу Сольі дапамагла перакладчыца Алеся Башарымава, якая не толькі перастварыла вершы шведскай паэткі па-беларуску, але і артыстычна агучыла іх падчас слэму.
Аўтарку, якая заняла трэцяе месца, заслужана называюць адкрыццём паэтычнага вечара. “Бронзу” ўзяла Юля Цімафеева, дагэтуль вядомая як перакладчык мастацкай літаратуры (“на яе рахунку” пераклады такіх аўтараў як Чарлз Букоўскі, Фернанду Песоа, Мэцью Дзікман ды інш.).
Сярод публікі таксама было нямала паэтаў і слэмераў. Сярод их ― Гера Барташ, Наста Манцэвіч, Дзмітры Дзмітрыеў, Сяргей Вераціла ды інш.
Прэсавая служба СБП, фота – Зарына Кандрацьева