Пераклад успамінаў славацкай аўтаркі Жо Лангеравай “Калісьці ў Браціславе: Маё жыццё з Оскарам Л.” (выдавец Зміцер Колас), зроблены Паўлам Рааго, зрабіўся для мяне сёлета адным з самых нечаканых адкрыццяў. Кніга з немудрагелістай назвай і яшчэ больш немудрагелістай вокладкай, што на першы погляд падавалася нуднаватым non-fiction, аказалася неймаверна захапляльным чытаннем, якое я праглынула за некалькі вечароў. Жывая і даволі эмацыйная з аднаго боку, з другога ж — вельмі ўдумліва напісаная гісторыя жонкі славацкага партыйца, які быў асуджаны па высмактаным з пальца абвінавачанні, адседзеў у турме і неўзабаве пасля вызвалення памёр, вартая, на маю думку, нашмат большай чытацкай увагі, чым тая, якую яна рызыкуе атрымаць у беларускім асяроддзі, бо расказвае пра блізкія і зразумелыя нам падзеі так, як у беларускай літаратуры ніхто яшчэ не расказваў. І тады нават назва, якая спачатку ўспрымалася як безаблічная і някідкая, напаўняецца новым сэнсам, бо адсылае да двух ключавых для аповеду вобразаў: Браціславы і Оскара Л.
Такім чынам, Браціслава. Менавіта там адбываецца значная частка падзеяў, усе гэтыя хаджэнні па пакутах, аббіванні парогаў і пошукі хоць якой працы — тое, што адразу ж уваходзіць у жыццё някепска ўладкаванай сям’і, калі аднойчы бацьку незразумела з якіх прычынаў арыштоўваюць і асуджаюць на многія гады зняволення. Усё гэта мы ўжо праходзілі, усяго гэтага, на жаль, хапае і ў нас — варта разгарнуць хаця б “Споведзь” Ларысы Геніюш, альбо дзённік Кузьмы Чорнага, альбо кнігу “У капцюрох ГПУ” Францішка Аляхновіча. Гісторыі жахлівых катаванняў і цкаванняў трывала прапісаліся ў нашай літаратуры і яшчэ доўга не страцяць актуальнасці: на змену ўспамінам і дзённікам абавязкова мусяць прыйсці мастацкія даследаванні тых пісьменнікаў, якія самі праз гэта не прайшлі, бо нарадзіліся нашмат пазней, а вывучалі падзеі па кнігах, архіўных дакументах і гістарычных даследаваннях. Час дазваляе ўбачыць і зразумець катастрофу ў іншым маштабе, таму Лангерава піша сваю гісторыю пасля таго, як для яе ўсё скончылася — бо ў жніўні 1968 года яна назаўсёды пакінула Чэхаславакію і пасялілася ў Швецыі, дзе пражыла да самай сваёй смерці ў 1990 годзе. Гэта яшчэ не fiction у тым сэнсе, які ўкладаюць у яго літаратуразнаўцы, але і не зусім успаміны: кніга вылучаецца прадуманай нелінейнай кампазіцыяй з рэтраспектыўнымі ўстаўкамі, а таксама цытатамі з лістоў, газетных артыкулаў і ўласнага юнацкага дзённіка.
Але вернемся да Браціславы — горада, што не быў для аўтаркі, венгеркі паводле паходжання, родным, але ў якім яна пражыла самыя важныя, напружаныя і пакутлівыя гады свайго жыцця, і да падзеяў, якія склалі касцяк кнігі і пасля якіх Лангеравай давялося шмат дзе пабываць, але менавіта Браціслава пакінула ў яе лёсе самы глыбокі след. Сама назва кнігі — “Калісьці ў Браціславе” — нагадвае пачатак казкі: калісьці даўным-даўно ў Браціславе… Камунізм сапраўды пэўны час быў для сям’і Лангер казкай: яшчэ маладой дзяўчынай аўтарка пазнаёмілася праз ліставанне са сваім будучым мужам, які тлумачыў ёй незразумелыя месцы з марксісцка-ленінісцкай тэорыі, і з’ехала з ім будаваць светлую будучыню ў суседнюю, тады яшчэ капіталістычную краіну. Другая сусветная вайна кардынальна змяніла сітуацыю, і пасля вяртання з эміграцыі (вайну сям’я перачакала ў ЗША) для Лангеравай пачынаецца доўгая дарога расчаравання ў казцы, які яна крок за крокам апісвае ў сваёй кнізе. Расчараванне перажываюць многія яе героі (ці ў дадзеным выпадку правільней будзе сказаць “рэальныя асобы”) — і казачная Браціслава страчвае сваю канкрэтнасць: усё, што адбылося калісьці ў Браціславе, магло адбыцца і адбывалася таксама ў іншых краінах камуністычнага блоку. Але з мужам аўтаркі было іначай.
Чытаючы кнігу, ужо з першых старонак пачынаеш задаваць сабе пытанне: хто ж ён такі, гэты Оскар Л.? Першая характарыстыка, якую аўтарка дае гэтаму надзвычай важнаму герою сваёй гісторыі, гучыць так: Оскар, адданы камуніст і славак з моцнай настальгіяй па доме. Нягледзячы на тое, што Лангерава паступова дамалёўвае ў яго партрэце новыя і новыя штрыхі, вобраз Оскара Л. так і застаецца для нас загадкай. Рабіла аўтарка гэта наўмысна ці ён насамрэч быў таямніцай нават для яе, жанчыны, што пражыла побач з ім нямала гадоў і не пакінула яго ў час цяжкіх выпрабаванняў? На гэтую загадку ўказвае і падзагаловак кнігі: “Маё жыццё з Оскарам Л.” Безаблічнае імя “Оскар Л.”, якое нічога нам не гаворыць не толькі ў момант, калі мы бяром кнігу, але і цягам многіх старонак, пакуль аўтарка не вырашае пазнаёміць нас з ім бліжэй, пакідае дзіўнае ўражанне. Адразу ж прыгадваюцца такія творы, як “Жыццё і час Міхаэла К.” Джона Максвэла Кутзэе ці “Жыццё Пі” Яна Мартэла ці нават “Ніякай літасці Валянціне Г.” Альгерда Бахарэвіча, чытаць якія Лангерава, безумоўна, не магла, бо яны выйшлі нашмат пазней, — творы, дзе імя героя асаблівага значэння не мае, бо сам герой — альбо маска, пад якой можа схавацца хто заўгодна, альбо асоба, важная сама па сабе, без прывязкі да нейкага імені ці вызначэння. Але Оскар Л. — выпадак незвычайны: рэальны чалавек, рэальны камуніст і партыец, які, нягледзячы ні на турму, ні на катаванні, ні на пакуты, што перажыла яго сям’я, так і не здолеў адмовіцца ад казкі і перастаць верыць у ідэалы маладосці. Магчыма, менавіта таму ён і застаўся загадкай для сваёй жонкі і застаецца загадкай для нас, людзей ужо іншай эпохі. Ствараецца ўражанне, што Лангерава апісвае яго трохі неахвотна, нібыта часавая дыстанцыя, якая дазваляе ёй спакойна разважаць пра мінулыя падзеі, шмат чаго расставіла па сваіх месцах, у тым ліку і яе ўласныя пачуцці. Бо кніга Лангеравай — гэта нават не так гісторыя падзеяў (хаця і іх таксама), як гісторыя перажыванняў аўтаркі, гісторыя яе ўнутранага свету і яе ўспрыняцця таго, што адбываецца з ёй самой і людзьмі навокал. Гэта яшчэ і кніга пра людзей, пра тое, як ламаюцца іх жыцці і як яны з апошніх сілаў супраціўляюцца гэтай ломцы ці падладжваюцца пад рэжым, пра тое, як у адчайных сітуацыях людзі адварочваюцца ад былых сяброў ці прыходзяць на дапамогу амаль незнаёмаму чалавеку, і пра тое, як чалавек здольны існаваць на мяжы выжывання і не страціць розум. Гэта не гісторыя магутнага духам героя, а гісторыя звычайнай разумнай жанчыны, якая здолела годна перажыць гады камуністычнага тэрору і якая ў канцы жыцця заканчвае кнігу мудрымі і супярэчлівымі словамі: “Аднак незадаволенасць навокал пераконвае мяне і ў тым, што нястача, пакуты, цяжкасці і змаганне непарыўна звязаныя з жыццём, і іх проста нельга абмінуць на шляху да такога ўзроўню спеласці, на якім чалавек пачынае цаніць жыццё”.
“Калісьці ў Браціславе” — гэта твор жанчыны, што не зрабілася знакамітай пісьменніцай ці выбітнай журналісткай, магчыма, толькі таму, што жыццё не дало ёй часу асэнсаваць і развіць свой талент. Вымушаная рабіць нізкакваліфікаваную працу, якая не адпавядала яе адукацыі і здольнасцям, каб выжыць і пракарміць сям’ю, яна магла толькі весці дзённік і збіраць успаміны, што потым ператварыліся ў вельмі патрэбную і вельмі шчырую кнігу, дзе няма месца пафасу ці любой ідэалогіі. Перад намі гісторыя, поўная шчырых прызнанняў, сумневаў і няўпэўненасці, і ў той жа час бясспрэчнае сведчанне эпохі, якую мы яшчэ толькі пачынаем асэнсоўваць і пераадольваць.
Ганна Янкута